18 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Меры дзяржаўнай падтрымкі суб'ектаў малога прадпрымальніцтва ўдасканальваюцца ў Беларусі. Адпаведны ўказ №126, якім унесены дапаўненні і змяненні ва ўказ ад 21 мая 2009 года №255 "Аб некаторых мерах дзяржаўнай падтрымкі малога прадпрымальніцтва", Прэзідэнт Беларусі падпісаў 17 сакавіка, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе кіраўніка дзяржавы.

Дакументам прадугледжваецца прадастаўленне суб'ектам малога прадпрымальніцтва права на атрыманне дзяржаўнай фінансавай падтрымкі ў выглядзе кампенсацыі часткі расходаў, звязаных з удзелам у выставачна-кірмашовых мерапрыемствах, а таксама кампенсацыі расходаў на рэкламу арганізаваных мерапрыемстваў у сродках масавай інфармацыі пасля іх правядзення, магчымасць крэдытавання доўгатэрміновых (на тэрмін да сямі гадоў) інвестыцыйных праектаў, якія рэалізуюцца суб'ектамі малога прадпрымальніцтва, за кошт сродкаў аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама.

Акрамя таго, указам прадугледжана карэкціроўка механізму прадастаўлення дзяржаўнай падтрымкі суб'ектам малога прадпрымальніцтва, якая забяспечвае больш дакладны парадак яе прадастаўлення. У прыватнасці, удакладняецца парадак змянення працэнтнай стаўкі (прывязка да стаўкі рэфінансавання Нацыянальнага банка) па размяшчэнні ў дэпазіты сродкаў мясцовых бюджэтаў, а таксама ставак па банкаўскіх крэдытах, пазыках і дагаворах лізінгу, заключаных у рамках праграм дзяржаўнай падтрымкі прадпрымальніцтва.

Гэтыя меры дазволяць павысіць эфектыўнасць выкарыстання бюджэтных сродкаў, прадугледжаных праграмамі дзяржаўнай падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, а таксама будуць спрыяць павелічэнню аб'ёму выпускаемай прадукцыі, стварэнню новых працоўных месцаў, развіццю экспарту.

Указ уступае ў сілу праз тры месяцы пасля яго афіцыйнага апублікавання.-0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)