Адпачынак павінен быць прыемным і бяспечным

Адпачынак павінен быць прыемным і бяспечным 

З усталяваннем цёплага надвор'я жыхары і госці нашага горада і раёна цягнуцца да прыроды і ў першую чаргу да рэк і азёр, для таго каб адпачыць, асвяжыцца і аднавіць сілы пасля працоўных будняў. Часта, знаходзячыся на адпачынку, яны забываюць пра меры асабістай маёмаснай бяспекі, правілы паводзін на вадзе, захаванне правілаў пажарнай бяспекі, што часам прыводзіць да трагічных наступстваў. Некаторыя распіваюць спіртное, разводзяць костры ў пажаранебяспечных месцах, забруджваюць навакольнае асяроддзе бытавымі адходамі, займаюцца незаконнай пасечкай лесу і лоўляй рыбы браканьерскімі спосабамі, што ператварае іх у правапарушальнікаў. 

На тэрыторыі горада Лепель і Лепельскага раёна рашэннямі райвыканкама вызначаны месцы, дазволеныя для купання, месцы, дзе купанне забаронена, а таксама месцы масавага адпачынку грамадзян, гэта значыць тыя, дзе пры пэўных абставінах збіраецца значная колькасць грамадзян. 

Да месцаў, забароненых для купання, адносяцца тыя месцы, дзе гэта рабіць небяспечна з-за рэльефу дна, цячэння, блізкасці якіх-небудзь тэхнічных збудаванняў і іншых меркаванняў бяспекі людзей. Так, рашэннем Лепельскага райвыканкама вызначана, што купанне забаронена ў меліяратыўных і тэхнічных каналах, сажалках, сажалках-капанях, абводненых кар'ерах, штучных пажарных вадаёмах, ачышчальных збудаваннях, затонах, месцах размяшчэння плацін, шлюзаў, мастоў, дамб і іншых гідратэхнічных збудаванняў. Купанне ў дадзеных месцах цягне адміністрацыйную адказнасць па арт.24.42 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях (далей КоАП). За такое парушэнне можа быць накладзены штраф да трох базавых велічынь.

Месцамі, дазволенымі для купання, з'яўляюцца пляжы і прыбярэжныя тэрыторыі азёр і рэк. Для забеспячэння нармальнага адпачынку, бяспекі людзей, яны добраўпарадкаваны, гэта значыць абсталяваны ценявымі навесамі, кабінкамі для пераапранання, смеццевымі кантэйнерамі, туалетамі. Пры гэтым перад адкрыццём купальнага сезона ў абавязковым парадку з дапамогай вадалазаў ОСВОД дно акваторыі пляжу ачышчаецца ад бытавога смецця і іншых прадметаў, якія могуць пацягнуць траўмаванне людзей. Такім чынам, купанне і адпачынак у такіх месцах больш бяспечныя. 

Месцы масавага адпачынку грамадзян – гэта месцы з найбольшай наведвальнасцю людзей, у тым ліку і пры правядзенні культурна-масавых мерапрыемстваў. У нашым горадзе і раёне гэта пляж возера Лепельскае па вул. Віцебская, пляж возера Святое з боку вул. Веры Маргевіч і пляж КУП ДРАЦ "Жамчужына" на возеры Шчыбот у в. Бароўка.

Аднак не варта забываць пра тое, што ўсе месцы адпачынку з'яўляюцца грамадскімі месцамі, у сувязі з чым, распіццё алкагольных, слабаалкагольных напояў і піва, спажыванне наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў, роўна як і з'яўленне ў стане ап'янення, у дадзеных месцах цягне адміністрацыйную адказнасць па арт. 19.3 КоАП. У летні перыяд органамі ўнутраных спраў будзе ўдзяляцца асаблівая ўвага забеспячэнню грамадскай бяспекі і ахове грамадскага парадку ў дадзеных месцах, паколькі парушэнне элементарных правілаў паводзінаў або купанне ў стане алкагольнага ап'янення часта з'яўляюцца прычынамі няшчасных выпадкаў і гібелі людзей.

Таксама даволі часта адбываецца так, што, захапіўшыся адпачынкам і купаннем у прахалоднай вадзе ў спякотны дзень, людзі пакідаюць без нагляду сваю маёмасць, у тым ліку і дарагія тэлефоны, фотаапараты і іншыя каштоўнасці. Гэтым могуць скарыстацца "нечыстыя на руку" людзі і выкрасці іх. Таму, не пакідайце сваю маёмасць без нагляду, выконвайце заканадаўства Рэспублікі Беларусь і правілы паводзінаў на вадзе, і Ваш адпачынак будзе прыемным і бяспечным.

Аддзел аховы правапарадку і прафілактыкі АУС Лепельскага райвыканкама.