Мясцовыя ўлады павінны шырока інфармаваць людзей аб рамонтных работах і добраўпарадкаванні. Такое меркаванне выказаў сёння журналістам памочнік Прэзідэнта – інспектар па Віцебскай вобласці Анатоль Ліневіч па выніках асабістага прыёму грамадзян у Полацку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Два з чатырох пытанняў, з якімі да Анатоля Ліневіча прыйшлі на прыём мясцовыя жыхары, датычыліся менавіта дадзенай тэмы. У прыватнасці, жыхаркі аднаго з дамоў па вул. Армейскай у пасёлку Ветрына звярнуліся па пытанні добраўпарадкавання іх прыдамавой тэрыторыі, уладкавання пешаходных дарожак. Заяўнікоў з пасёлка Фарынава таксама хваляваў стан вуліц іх населенага пункта.

"Тэмы добраўпарадкавання дваровых тэрыторый, правядзення рамонтных работ – адны з найбольш актуальных пры звароце грамадзян на асабістыя прыёмы. Таму інфармаванне па іх павінна праводзіцца шырока і актыўна: у газеце, па радыё, тэлебачанні, на мясцовых інтэрнэт-рэсурсах. Таксама трэба часцей сустракацца з людзьмі, тады яны будуць ведаць, што адбываецца і чаго чакаць. Адпаведна, і зваротаў будзе менш", – перакананы памочнік Прэзідэнта.

Іншыя звароты былі звязаны з асабістымі пытаннямі грамадзян. "Раней па іх ужо былі дадзены тлумачэнні і адказы, у тым ліку вынесеныя судом, адмяніць якія могуць толькі вышэйшыя інстанцыі. Тым не менш, трэба прыслухацца да заяў людзей, разгледзець усе бакі пытання яшчэ раз і паспрабаваць вырашыць іх", – адзначыў памочнік Прэзідэнта.

Анатоль Ліневіч дадаў, што праводзіць такія сустрэчы з насельніцтвам плануе рэгулярна. У ліку самых папулярных зваротаў – жыллё, добраўпарадкаванне, дарогі. Гэтым тэмам ён мае намер надаваць павышаную ўвагу. Пры гэтым Анатоль Ліневіч падкрэсліў, што пры наяўнасці сур'ёзных пытанняў жыхары павінны больш актыўна звяртацца да прадстаўнікоў мясцовых органаў улады. Гэта дазволіць завастрыць на іх увагу і паскорыць вырашэнне.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)