30 мая, Віцебск /Алена Ціханава – БЕЛТА/. Мясцовыя ўлады павінны строга выконваць абяцанні, дадзеныя грамадзянам. Пра гэта заявіў падчас першага этапу маніторынгу работы са зваротамі грамадзян старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандр Якабсон, адказваючы на пытанне карэспандэнта БЕЛТА.
"Калі вырашыць праблему грамадзяніна не ўяўляецца магчымым, трэба сумленна гаварыць пра гэта. А калі ёсць хоць найменшая магчымасць дапамагчы, то неабходна яе выкарыстоўваць і вырашаць праблему сваімі сіламі. Мясцовыя ўлады тут відавочна недапрацоўваюць. Напрыклад, у горадзе Дзісна Мёрскага раёна востра стаіць праблема недахопу банкаматаў, а мясцовыя ўлады не прымаюць ніякіх спроб яе вырашыць", - сказаў Аляксандр Якабсон.
Ён таксама падкрэсліў, што ў бягучым годзе адзначаецца павелічэнне колькасці зваротаў грамадзян у КДК ад жыхароў Талачынскага раёна. Гэты факт сведчыць пра тое, што грамадзяне не давяраюць мясцовым уладам і аддаюць перавагу звяртацца па дапамогу ў вышэйстаячыя інстанцыі.
Прыём жыхароў Талачынскага раёна старшынёй КДК праводзіўся ў рамках першага этапу маніторынгу работы мясцовых органаў улады з насельніцтвам. У міжведамасную рабочую групу, якая працуе ў Віцебскай вобласці, увайшлі службовыя асобы цэнтральнага апарату Камітэта дзяржкантролю і КДК Віцебскай вобласці, Мінжылкамгаса, Мінбудархітэктуры, абласной пракуратуры і фінансавай міліцыі КДК.
Падчас правядзення I этапу маніторынгу па рабоце са зваротамі грамадзян кіраўнік КДК сустрэўся з прадстаўнікамі працоўных калектываў, прафсаюзных і моладзевых арганізацый у Мёрскім і Талачынскім раёнах. Правёў прыём грамадзян у Талачынскім райвыканкаме. У праграме сённяшняга дня - прамая тэлефонная лінія ў Чашніцкім райвыканкаме.-0-