7 мая, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Металургічны завод пабудуюць у Міёрскім раёне. Пра гэта паведаміў сёння старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Косінец на ўрачыстым прыёме прадстаўнікоў сродкаў масавай інфармацыі вобласці з нагоды Дня друку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Новая вытворчасць будзе спецыялізавацца на выпуску лістоў белай жасці. Плануецца, што ў год тут будзе выпускацца прадукцыі на 405-420 млн. еўра.

Інвестыцыйны дагавор па Дэкрэце Прэзідэнта №10 на рэалізацыю дадзенага праекта з Віцебскім аблвыканкамам заключыла прыватная беларуская кампанія "ММПЗ-групп", дадаў намеснік старшыні Міёрскага райвыканкама Аляксандр Баданін. Паводле яго слоў, бізнес-план праекта ўжо распрацаваны, вызначаны крыніцы фінансавання. Усяго на праект неабходна каля 280 млн. еўра. Прыступіць да стварэння вытворчасці плануецца сёлета. Увод у эксплуатацыю намечаны да 2018 года.

Аляксандр Косінец таксама адзначыў, што ў Віцебскай вобласці надаецца прыярытэтная ўвага мадэрнізацыі і рэканструкцыі дзейных вытворчасцей, рэалізацыі новых перспектыўных праектаў. Так, сёлета ў рэгіёне плануецца ўвесці ў строй новыя сыразаводы ў Паставах і Браславе, прадпрыемства па перапрацоўцы рыбы ў Браславе. Таксама вядзецца праца па стварэнні абутковых холдынгаў "Белвест" і "Марка".-0-