20 кастрычніка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Механізаваныя звянкі для знішчэння баршчэўніка Сасноўскага з'явяцца ў 9 раёнах Віцебскай вобласці. Такое рашэнне было прынята сёння на пасяджэнні калегіі Віцебскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Механізаваныя звянкі на базе меліярацыйных арганізацый з удзелам спецыялістаў МНС плануюць стварыць у першым квартале 2012 года ў Браслаўскім, Віцебскім, Гарадоцкім, Талачынскім, Мёрскім, Полацкім, Сенненскім, Глыбоцкім, Ушацкім раёнах, паведаміла начальнік аддзела дзяржаўнага кантролю за аховай і выкарыстаннем земляў, расліннага і жывёльнага свету, асабліва ахоўных прыродных тэрыторый, абыходжаннем з адходамі Жанна Алейнікава. На тэрыторыі гэтых раёнаў - самыя вялікія ў вобласці плошчы прарастання баршчэўніка. Так, ва Ушацкім раёне плошча прарастання небяспечнай расліны складае 598,5 га, Віцебскім - 389,2 га, Браслаўскім - 188,42 га, Гарадоцкім - 158 га, Талачынскім - 103,6 га, Мёрскім - 6 га, Полацкім - 35 га, Сенненскім - 32,9 га і Глыбоцкім - 27,1 га. Ачыстка земляў ад баршчэўніка Сасноўскага праведзена сёлета на плошчы амаль 1,5 тыс.га. На гэтыя мэты асвоена Br357,3 млн. сродкаў мясцовых фондаў аховы прыроды. Для эфектыўнай барацьбы з баршчэўніам Сасноўскага ў вобласці плануюць распрацаваць на 2012 год комплекс мер па кожным землекарыстальніку з прымяненнем найбольш эфектыўных спосабаў барацьбы, указаннем канкрэтных тэрмінаў правядзення мерапрыемстваў, адказных выканаўцаў. Баршчэўнік Сасноўскага - адна з найбольш небяспечных інвазіўных раслін, якая выйшла з культывавання і распаўсюдзілася ў прыродзе. Лісце і плады расліны багатыя на эфірныя алеі, якія ўтрымліваюць асаблівыя рэчывы, што пры кантакце са скурай выклікаюць фотахімічны апёк. Для барацьбы з баршчэўніам у 2008 годзе была распрацавана рэспубліканская праграма па яго знішчэнні, дзе асноўная роля ў барацьбе з атрутнай раслінай адводзілася мясцовым органам улады, службам лясной гаспадаркі, сельскагаспадарчым прадпрыемствам. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі распрацавала рэкамендацыі па знішчэнні баршчэўніка. Існуе чатыры асноўных віды барацьбы з ім: ручны (падкапванне лапатамі), выкошванне (праводзіцца два-тры разы на год), прымяненне пестыцыдаў і - найбольш паспяховы спосаб - запахоўванне і засеў тэрыторый ляснымі культурамі або травасмесямі.-0-

БЕЛТА