14 сакавіка, Віцебск /Дзіяна Курыло - БЕЛТА/. Міжнародная навукова-практычная канферэнцыя "Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі" пройдзе з 1 па 3 лістапада ў Полацку і будзе прысвечана 1150-годдзю першага згадвання аб Полацку ў летапісах, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА выконваючая абавязкі дырэктара Нацыянальнага Полацкага гісторыка-культурнага музея Тамара Джумантаева.
Шостая па ліку канферэнцыя, а яны праводзяцца з 1987 года - раз на пяць гадоў, упершыню пройдзе пры падтрымцы ЮНЕСКА. Міжнародная арганізацыя ўключыла 1150-годдзе Полацка ў каляндар памятных дат 2012-2013 гадоў і прыме ўдзел у правядзенні не толькі канферэнцыі, але і тэматычнай выстаўкі ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы ў кастрычніку 2012 года.
Як чакаецца, на навуковы форум прыедуць вучоныя з Расіі, Украіны, Швецыі. У межах канферэнцыі пройдуць пленарныя і секцыйныя пасяджэнні, лекцыі вядучых замежных і айчынных музеолагаў, прэзентацыі. Да абмеркавання прапануецца некалькі тэматычных блокаў: гістарычны, археалагічны, музеалагічны, гістарычная інфарматыка.
Па словах Тамары Джумантаевай, на канферэнцыі будзе зроблена нямала заяў аб новых адкрыццях. Усе даклады будуць выдадзены ў шостым зборніку "Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі". Гэта выданне заўсёды выклікае велізарную цікавасць як у айчынных, так і ў замежных гісторыкаў. Напрыклад, Дзяржаўная публічная гістарычная бібліятэка Расіі нароўні з электронным варыянтам выдання папаўняе свае фонды і традыцыйным зборнікам - на паперы. На новы зборнік заказ ужо паступіў.-0-
БЕЛТА
Міжнародная канферэнцыя "Гісторыя і археалогія Полацка і Полацкай зямлі" пройдзе пры падтрымцы ЮНЕСКА
14.3.20120 праглядаў