7 лютага, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Міжнародная выстаўка-канферэнцыя "Энергарэсурсазберагальныя тэхналогіі, абсталяванне і матэрыялы" пройдзе 8 лютага ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным цэнтры маркетынгу.
У выстаўцы, арганізаванай у 9-ы раз, прымуць удзел кіраўнікі і спецыялісты прадпрыемстваў, якія прадстаўляюць прамысловасць, будаўніцтва, энергетыку, жыллёва-камунальную гаспадарку, навукова-даследчыя і навучальныя ўстановы Віцебскай вобласці і іншых рэгіёнаў Беларусі, прадстаўнікі органаў улады і кіравання, суб'екты гаспадарання, зацікаўленыя ва ўкараненні энергарэсурсазберагальных тэхналогій. Больш за 60 прадпрыемстваў і арганізацый з рэгіёнаў Беларусі, а таксама прадстаўніцтвы прадпрыемстваў з Расіі, Германіі, Фінляндыі прадэманструюць цікавыя праекты, новыя тэхналогіі і абсталяванне ў галіне энергарэсурсазберажэння.
На пленарным пасяджэнні "Энергарэсурсазберажэнне. Вопыт і стратэгія развіцця. Новыя тэхналогіі і абсталяванне ў сферы энергарэсурсазберажэння", якое традыцыйна праходзіць падчас выстаўкі, будуць падведзены вынікі працы Віцебскай вобласці ў 2011 годзе і пастаўлены задачы на 2012-ы ў сферы энергазберажэння. Таксама адбудзецца абмеркаванне актуальных пытанняў развіцця энергетыкі і ўкаранення рэсурсазберагальных тэхналогій: развіццё альтэрнатыўнай энергетыкі, вопыт унядрэння геатэрмальных установак у Віцебскай вобласці, праца кацельняў на мясцовых відах паліва, сучаснае энергазберагальнае асвятляльнае абсталяванне. З мэтай наладжвання дзелавых кантактаў запланавана правядзенне бізнес-сустрэч і перамоваў.
Мэта выстаўкі - азнаёміць кіраўнікоў і спецыялістаў суб'ектаў гаспадарання з навінкамі ў сферы энергарэсурсазберажэння, прадставіць сучасныя энерга-рэсурсазберагальныя тэхналогіі, матэрыялы і абсталяванне.
Арганізатарамі форуму выступаюць Віцебскі аблвыканкам, ККУП "Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу", Віцебскае абласное ўпраўленне па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў.-0-
БЕЛТА
Міжнародная выстава-канферэнцыя па энергерезберажэнні пройдзе ў Віцебску 8 лютага
7.2.20120 праглядаў