XXV Міжнародная выстава "Ахова здароўя Беларусі-2018" адкрываецца сёння ў Мінску, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

XXV Міжнародная выстава "Ахова здароўя Беларусі-2018" адкрываецца сёння ў Мінску, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.

Гэта найбуйнейшы агляд найноўшых дасягненняў медыцынскай навукі і практычнай аховы здароўя. Сваю прадукцыю і тэхналогіі прадэманструюць больш за 240 экспанентаў з 17 краін. Удзельнікамі выставы стануць сусветныя лідары медыцынскай і фармацэўтычнай прамысловасці, распрацоўшчыкі новых тэхналогій дыягностыкі і лячэння захворванняў.

Асаблівую цікавасць уяўляюць айчынныя распрацоўкі медыцынскіх вырабаў, неабходных пры аказанні меддапамогі пацыентам на ўсіх этапах: аперацыйныя свяцільні, сталы, кансолі, маніторы, наркозна-дыхальныя апараты, апараты штучнай вентыляцыі лёгкіх, наркозныя апараты, стол для родадапамогі, персанальны камп'ютар з праграмай электроннай аховы здароўя. Спецыялістаў зацікавіць імітатар пацыента. Гэта абсталяванне прызначана для спецыялізаванага навучання медперсаналу, выпрацоўкі практычных навыкаў дыягностыкі, лячэння і аперацыйнага ўмяшання. На выставе прэзентуюць першы айчынны камп'ютарны тамограф, які не саступае па сваіх тэхнічных характарыстыках вядучым сусветным аналагам.

На пляцоўках выставы беларускія фармвытворцы ААТ "Экзон", СААТ "Лекфарм", УП "Мінскінтэркапс", ААТ "Нясвіжскі завод медыцынскіх прэпаратаў", ЗАТ "БелАсептыка" правядуць семінары для медыкаў. Для ўрачоў агульнай практыкі, спецыялістаў кардыялагічнага профілю, эндакрынолагаў, тэрапеўтаў будуць арганізаваны выязныя семінары на заводы РУП "Белмедпрэпараты", УП "Мінскінтэркапс", ААТ "Барысаўскі завод медыцынскіх прэпаратаў".

На стэндзе арганізацыі РУП "Белфармацыя" можна будзе набыць айчынныя лекі па аптовых цэнах. Пройдуць майстар-класы па рабоце з электронным рэцэптам. Усе жадаючыя змогуць азнаёміцца з рознымі электроннымі паслугамі ў аптэках.