11 ліпеня, Мінск /Крысціна Курловіч - БЕЛТА/. Міжнародны аўтапрабег "Ад акіяна да акіяна", накіраваны на абарону жыцця ненароджаных дзяцей, пройдзе ў Беларусі з 13 па 23 ліпеня. Аб гэтым сёння журналістам паведаміў настаяцель прыхода храма свяціцеля Мікалая Японскага Мінскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы Павел Сердзюк, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Маштабная пралайф-кампанія, накіраваная супраць дэмаграфічнага крызісу, масавых абортаў і разводаў, адбудзецца ўпершыню - геаграфія праекта ахоплівае больш за 20 краін. Дэвізам кампаніі стаў слоган "Усход і Захад у абарону жыцця". Павел Сердзюк адзначыў, што назва акцыі "Ад акіяна да акіяна" сімвалічная - міжнародны хрэсны ход у форме аўтапрабегу стартаваў ля берагоў Ціхага акіяна ў расійскім горадзе Уладзівастоку 15 чэрвеня, а завершыцца ля Атлантычнага акіяна ў снежні ў горадзе Фаціма ў Партугаліі. Сімвалам акцыі з'яўляецца абраз Божай Маці "Чанстахоўская", які ўдзельнікі пранясуць па гарадах.
Як распавёў настаяцель прыхода, 13 ліпеня міжнародны аўтапрабег у абарону жыцця сустрэнуць у беларускім горадзе Полацку. Затым удзельнікі акцыі наведаюць Віцебск, Оршу, Верхнядзвінск, Мінск, Барысаў, Магілёў, Баранавічы, Бабруйск, Гродна і Гомель, дзе 23 ліпеня на пагранпераходзе "Новая Гута" эстафету прыме ўкраінскі бок. У кожным горадзе, дзе пабывае аўтапрабег, адбудуцца малебны перад Чанстахоўскай іконай Божай Маці ў прыходах храмаў, таксама будуць праведзены круглыя сталы, лекцыі і выставы, на якіх прафесіяналы і жыхары гарадоў будуць весці гутарку аб дэмаграфічнай сітуацыі.
Адным з арганізатараў праекта з'яўляецца Human Life International - міжнародная арганізацыя, якая аб'ядноўвае прыхільнікаў руху ў абарону жыцця і сям'і з 80 краін. Ініцыятыву правядзення аўтапрабегу падтрымалі старшыня аддзела знешніх царкоўных сувязяў РПЦ мітрапаліт Іларыён і Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі. -0-
БЕЛТА
Міжнародны аўтапрабег у абарону жыцця ненароджаных дзяцей пройдзе ў Беларусі з 13 па 23 ліпеня
11.7.20120 праглядаў