VIII Міжнародны эканамічны форум і IX Рэспубліканская універсальная выстаўка-кірмаш "Аршанскія традыцыі" пройдуць 24-27 красавіка ў Оршы, паведамілі БЕЛТА арганізатары.

Тэмай першага дня форуму стане ўзаемадзеянне гарадоў-партнёраў. На пляцоўках Лядовай арэны адбудзецца адкрыццё мерапрыемства, затым у гарпасёлку Балбасава адбудзецца прэзентацыя найважнейшага інвестпраекта Аршанскага рэгіёна - мультымадальнага прамыслова-лагістычнага комплексу "Брэміна-Орша". Тэме "Прэферэнцыі і перавагі ў канкурэнтным асяроддзі" прысвечаны другі дзень. Удзельнікі абмяркуюць умовы для бізнесу, якія даў указ №506, асобна будзе ўзнята пытанне планавання прадпрымальніцкай дзейнасці. На трэці дзень форуму ўдзельнікі закрануць пытанні лагістыкі, экспарту прадукцыі, прававога і мытнага суправаджэння пры арганізацыі міжнародных перавозак. Удзел у форуме прымуць дэлегацыі з Расіі і Латвіі. Чакаецца падпісанне дагавораў і пагадненняў.

Разнастацяць праграму культурныя і спартыўныя падзеі: аглядная экскурсія па Оршы, наведванне Дома лёну і азнаямленне з прадукцыяй мясцовага льнокамбіната. Акрамя таго, на тэрыторыі Лядовай арэны вытворцы рэгіёна будуць выстаўляць сваю прадукцыю на выстаўцы-кірмашы "Аршанскія традыцыі". Актуальным дадаткам мерапрыемстваў стане кірмаш вакансій, які арыентаваны не толькі на беспрацоўных, але і на будучых маладых спецыялістаў - выпускнікоў Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М.Машэрава, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, каледжаў і ліцэяў Аршанскага раёна.

Вынікі форуму будуць падведзены 27 красавіка.

Арганізатарамі мерапрыемстваў выступілі Віцебскае аддзяленне Беларускай гандлёва-прамысловай палаты і Аршанскі райвыканкам.

Навіны Беларусі (БЕЛТА)