У Полацку 3 красавіка адкрываецца XXХІІ Міжнародны фестываль старадаўняй і сучаснай камернай музыкі, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Сафійскім саборы.
Пад яго скляпеннямі збяруцца лепшыя камерныя выканаўцы з Беларусі, Ізраіля, Літвы, Германіі, Расіі і Італіі. Урачыстае адкрыццё фестывалю адбудзецца традыцыйна пад гукі полацкага аргана. Гонар адкрыць фестываль выпаў калектыву з Літвы Basso Trio. Ансамбль адрозніваецца ўнікальным выканальніцкім складам, арыгінальным стылем, які спалучае ў сабе выключную віртуознасць і музычную праніклівасць. 7 красавіка праграму з лепшых узораў італьянскай арганнай і вакальнай класікі, сучаснай музыкі прадставяць расійская спявачка Таццяна Сучкова-Гаўрылава і італьянскі арганіст Энрыка Прэсці.
У дні форуму ўжо трэці раз арганізуюць адкрыты абласны дзіцячы фартэпіянны конкурс "І. С. Бах і XXI стагоддзе". Ён пройдзе 10-12 красавіка. У конкурсе будуць спаборнічаць 55 юных піяністаў з 12 гарадоў Беларусі. Узровень выступлення ацэніць прафесійнае журы на чале з прафесарам Веймарскай вышэйшай школы музыкі ім. Ф.Ліста Рыгорам Грузманам. Сусветна вядомы піяніст таксама выступіць з сольным канцэртам.
Вечар італьянскай музыкі падораць слухачам 20 красавіка бліскучыя артысты з Ізраіля Любоў Пархомаўская (скрыпка) і Анатоль Тартакоўскі (фартэпіяна).
Сапраўднай падзеяй для аматараў музыкі стане 24 красавіка закрыццё фестывалю. У гэты дзень адбудзецца беларуская прэм'ера рэканструкцыі "Страсці па Марку" І.С.Баха для салістаў, хору і аркестра пад кіраўніцтвам выдатнага музыканта, дырыжора і клавесініста, аўтара гэтай рэканструкцыі Ёрна Бойзена (Германія). У грандыёзным праекце выканання згубленага шэдэўра Баха выступяць разам з музыкамі Дзяржаўнага камернага аркестра Рэспублікі Беларусь нямецкія салісты Бенджамін Глаубіц (тэнар), Джуліян Рэдлін (бас-барытон), салісткі Вялікага тэатра оперы Беларусі Таццяна Гаўрылава (сапрана), Наталля Акініна (меца-сапрана), а таксама ансамбль расійскіх музыкантаў, якія спецыялізуюцца на ігры на барочных інструментах.