Урачыстае адкрыццё XXIX Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі (IFMC-2016) адбудзецца сёння ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.
Урачыстае адкрыццё XXIX Міжнароднага фестывалю сучаснай харэаграфіі (IFMC-2016) адбудзецца сёння ў Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА арганізатары.
Падчас адкрыцця танцавальнага форуму ў канцэртнай зале "Віцебск" пройдзе прэзентацыя ўдзельнікаў міжнароднага конкурсу сучаснай харэаграфіі, а гэта 32 калектывы з еўрапейскіх краін, Кітая. Працягне ўрачыстасць прэм'ера балета "Жызель" у пастаноўцы Раду Поклітару і выкананні калектыву "Кіеў Модэрн-Балет". А завершыцца вечар сюрпрызам - для конкурсантаў і гасцей фестывалю будзе арганізавана "PARTY па-беларуску" з удзелам беларускіх фальклорных калектываў. Акрамя гэтага сёння ў Віцебску пачнуць працу практычныя майстар-класы, адбудзецца адкрыццё выставы жывапісу "Музыка колеру" віцебскага мастака Алега Крошкіна, будуць прэзентаваны фотавыставы "Пейзажы чалавека" і "Эксперыменты" аўтарства мінскіх фатографаў Ганны Майсеюк і Вольгі Рабецкай.
Мерапрыемствы працягнуцца да 27 лістапада, пройдуць яны ў канцэртнай зале "Віцебск" і на сцэне Коласаўскага тэатра. У афішы спектаклі вядучых танцавальных калектываў з Беларусі, Расіі, Украіны, Францыі, Швецыі, Нарвегіі і інш. На фестывалі будзе прадстаўлена некалькі прэм'ер. Акрамя названага ўжо балета "Жызель", у афішы з паметкай "прэм'ера" яшчэ спектаклі "АхматМодзі" у выкананні танцавальнай кампаніі Compagnie Autre MiNa з Францыі і "Сын спадара П'еро з Вінчы"/"Мона Ліза" Пермскага тэатра "Балет Яўгена Панфілава".
Ключавая падзея фестывалю - конкурс сучаснай харэаграфіі. Сёлета ён міжнародны (чаргуецца з нацыянальным). Конкурс праводзіцца ў тры туры. Пачынаецца ўсё з адбору заявак на падставе прадастаўленых відэаматэрыялаў. Калектывы, якія прайшлі адбор, прыязджаюць у Віцебск, дзе міжнароднае журы па выніках закрытых праглядаў вызначае фіналістаў, якія і трапляюць у заключны публічны тур.