VI Міжнародны эканамічны форум "Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы" пройдзе ў Віцебску 11-12 мая, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным цэнтры маркетынгу.
VI Міжнародны эканамічны форум "Інавацыі. Інвестыцыі. Перспектывы" пройдзе ў Віцебску 11-12 мая, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскім абласным цэнтры маркетынгу.
Мерапрыемства нацэлена на павышэнне інвестыцыйнай прывабнасці вобласці і прасоўванне інавацыйных праектаў і прадуктаў, садзейнічанне рэгіянальнаму бізнесу ў гэтай сферы, актывізацыю міжнароднага супрацоўніцтва. На пляцоўках Палаца спорту арганізуюць экспазіцыі гарадоў і раённых цэнтраў рэгіёну; будуць працаваць міжнародныя спецыялізаваныя выставы: "Інавацыйныя распрацоўкі і інавацыйная прадукцыя", "Энергарэсурсазберажэнне і экалогія", "Будаўнічая індустрыя. Інавацыі ў будаўніцтве", "Інтэграцыйныя аграпрамысловыя структуры" (з правядзеннем дэгустацыі), "Легпрам-2017". А мясцовыя вытворцы тавараў і паслуг змогуць прэзентаваць іх на кірмашы з мэтай прасоўвання і збыту патэнцыйным партнёрам.
Дзелавая праграма ўключае пленарнае пасяджэнне, XIV Рэспубліканскі экалагічны форум, біржы дзелавых кантактаў "Перспектыўныя навукова-тэхнічныя распрацоўкі і інавацыйнае развіццё рэгіёну", міжнародную навукова-практычную канферэнцыю "Энергарэсурсазберажэнне-2017" і секцыю "СЭЗ - як перспектыўная пляцоўка для прыцягнення знешніх інвестыцый".
Фармат мерапрыемства найбольш эфектыўны для прэзентацыі і абмеркавання сучасных дасягненняў навукі, тэхнікі і тэхналогій, у тым ліку ў сферы энергазберажэння, выкарыстання аднаўляльных крыніц энергіі. Ён спрыяе пашырэнню супрацоўніцтва, абмену перадавымі навукова-тэхнічнымі распрацоўкамі і інавацыйнымі праектамі, прыцягненню замежных інвестыцый у Віцебскую вобласць, лічаць арганізатары.
Віцебскі абласны і гарадскі выканаўчыя камітэты, абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, абласное ўпраўленне па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў, ККУП "Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу", адміністрацыя свабоднай эканамічнай зоны "Віцебск" выступаюць арганізатарамі форуму.