30 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны форум "Інвестыцыі. Інавацыі. Перспектывы" пройдзе ў Віцебску 6-7 лютага, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Міністэрства энергетыкі.

На форуме прадставяць прадукцыю больш як 60 прадпрыемстваў з Беларусі, Расіі, Украіны, Даніі, Эстоніі, Германіі, Польшчы, Аўстрыі, Турцыі, а таксама вядучыя прадпрыемствы Віцебскай вобласці: РУП "Віцебскэнерга", ААТ "Нафтан", УП "Полімерканструкцыя", ААТ "Віцязь", НЦП "Спецсістэма", ППТУП "ВЕП "Святло", ААТ "Канструктарскае бюро "Дысплей". Будзе прадстаўлены інвестыцыйны патэнцыял Віцебскай вобласці, пройдуць міжнародныя выстаўкі па інавацыйных тэхналогіях і абсталяванні энерга- і рэсурсазберажэння, інавацыях у будаўніцтве. Сучасныя праблемы і дасягненні ў сферы энергазберажэння і ўплыў энергаэфектыўнасці на эканамічную бяспеку і канкурэнтаздольнасць стануць галоўнымі тэмамі пленарнага пасяджэння форуму і міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі. Таксама адбудзецца кантактна-кааперацыйная біржа.

У рабоце форуму прымуць удзел замежныя дэлегацыі, прадстаўнікі дыпламатычных місій Грузіі, Таджыкістана, Туркменістана, Латвіі, Эстоніі, Чэхіі, Славакіі ў Беларусі, а таксама гандлёвых прадстаўніцтваў Германіі і Балгарыі, бізнес-супольнасцей, прадстаўнікі праекта "Садзейнічанне рэгіянальнаму і мясцоваму развіццю Беларусі".

Арганізатарамі Форуму выступаюць Віцебскі абласны выканаўчы камітэт, Віцебскі гарадскі выканаўчы камітэт, Віцебскае абласное ўпраўленне па наглядзе за рацыянальным выкарыстаннем паліўна-энергетычных рэсурсаў, ККУП "Віцебскі абласны цэнтр маркетынгу". Генеральны партнёр форуму - РУП "Віцебскэнерга". -0-

Навіны Беларусі (БЕЛТА)