11 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Міжнародны конкурс дзіцячай і юнацкай творчасці "Ружа вятроў у Беларусі" адбудзецца 15-18 сакавіка ў Оршы, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле культуры Аршанскага гарвыканкама.
Удзельнікамі мерапрыемства, дэвіз якога "Захаваем культурную спадчыну планеты Зямля разам", стануць дзіцячыя і моладзевыя творчыя калектывы і выканаўцы ва ўзросце да 19 гадоў з рэгіёнаў Беларусі і Расіі.
Канкурсантам трэба будзе выступіць у намінацыях "Інструментальнае мастацтва", "Народныя інструменты", "Акадэмічны вакал", "Выкананне народнай песні", "Выкананне эстраднай песні", "Народны танец", "Класічны танец", "Сучасны танец", "Эстрадны танец" у пяці ўзроставых катэгорыях: дзіцячая група (да 8 гадоў), малодшая група (з 9 да 11 гадоў), сярэдняя (з 12 да 14 гадоў), старэйшая (з 15 да 19 гадоў), змешаная група (для намінацый "Акадэмічны вакал" - хоры, "Інструментальнае мастацтва" - аркестры). Галоўнымі крытэрыямі ацэнкі журы пры выбары пераможцаў будуць якасць выканання, артыстычнасць і складанасць падабранага рэпертуару.
Праграма мерапрыемства ўключае таксама тэарэтычныя і практычныя майстар-класы, конкурс педагогаў "Ружа вятроў - вяршыні майстэрства", навукова-практычную канферэнцыю "Выкарыстанне здароўезберагальных тэхналогій у сістэме дадатковай адукацыі дзяцей", шырокую экскурсію па галоўных славутасцях Оршы. Удзельнікі конкурсу змогуць наведаць Свята-Успенскі жаночы манастыр, Свята-Богаяўленскі Куцеінскі мужчынскі манастыр, этнаграфічны музей "Млын", музей драўлянай скульптуры разьбяра С.Шаўрова.
Цырымонія ўзнагароджання пераможцаў дыпломамі і памятнымі прызамі адбудзецца 18 сакавіка. Акрамя таго, яны будуць запрошаны на XVIII Міжнародны конкурс дзіцячай і юнацкай творчасці "Ружа вятроў - 2012" у Маскве і IX Міжнародны конкурс дзіцячай і юнацкай творчасці "Workshop", які пройдзе ў студзені 2013 года ў Сочы.
Арганізатары мерапрыемства - дзіцячы дабрачынны фонд "АРТ Фестываль - Ружа вятроў", Віцебскі аблвыканкам, аддзел культуры Аршанскага гарвыканкама.-0-
БЕЛТА
Міжнародны конкурс "Ружа вятроў у Беларусі" збярэ ў Воршы таленавітую моладзь
11.3.20120 праглядаў