У канферэнц-зале аддзела адукацыі, спорту і турызму сабраліся пераможцы раённага конкурсу «Міфы Лепельшчыны», арганізаванага пры садзейнічанні Беларускага грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы»
У канферэнц-зале аддзела адукацыі, спорту і турызму сабраліся пераможцы раённага конкурсу «Міфы Лепельшчыны», арганізаванага пры садзейнічанні Беларускага грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы». Удзел прынялі пятнаццаць школ, якія прадставілі па зададзенай тэме семдзесят сем малюнкаў і трыццаць тры сачыненні.
За «круглым» і адначасова «салодкім» сталом занялі свае месцы настаўнікі і іх таленавітыя вучні. Мерапрыемства праходзіла ў рамках ініцыятывы «Экатурызм у Бярэзінскім: інавацыйныя падыходы, партнёрскія мадэлі, «зялёнае» самасвядомасць», якая з'яўляецца часткай вялікага нацыянальнага праекта «Садзейнічанне пераходу Рэспублікі Беларусь да «зялёнай» эканомікі». Гаворка ідзе аб прасоўванні ідэй экалагічнага турызму, пашырэнні выкарыстання абнаўляемых крыніц энергіі і развіцці прыватнага і дзяржаўнага партнёрства.
Каардынатар ініцыятывы ад арганізацыі «Адпачынак у вёсцы» Алена Вятрова падзялілася вельмі цікавымі планамі. У агляднай будучыні ў Лепелі павінна з'явіцца стылізаваная аўтазаправачная станцыя, упрыгожаная казачнымі «чудзіскамі». Акрамя паліва на ёй можна будзе набыць вырабы лепельскіх рамеснікаў, майстроў з «Скарбонкі». Улічваючы вялікую наведвальнасць заправак, ідэя вартая. Праезджыя пакінуць у нашым раёне дадатковыя грошы, а ўзамен возьмуць памятны выраб, які дзе-небудзь у Віцебску, а можа Смаленску ці Вільні, будзе нагадваць гаспадарам аб нашым краі. Двума месяцамі раней бізнес-трэнер з Мінска Ілья Давыдаў, які прайшоў стажыроўку ў Чыкага, растлумачыў нашым умельцам, як зрабіць свой прадукт больш прадаваным. Праект пераходу да «зялёнай» эканомікі са ста пяцідзесяці ініцыятыў на конкурснай аснове ўвабраў у сябе шаснаццаць, адна з якіх нашая. У рамках «Экатурызму ў Бярэзінскім…» ствараюцца «Музей міфічных істот» з сонечнай электрастанцыяй, экотропа «У краіне міфаў» з дызайнерскімі арт-аб'ектамі, экспазіцыя пад адкрытым небам «Міфічны хутарок». На рэалізацыю задуманага спатрэбіцца сто дваццаць шэсць тысяч даляраў. Завяршыць работы плануецца да 17 чэрвеня.
Новы музей размесціцца ў будынку лясніцтва, адведзеным запаведнікам для гэтых мэт. Абсталяваны па апошнім слове перадавых тэхналогій, ён прынясе масу ўражанняў наведвальнікам. Галоўны сакрэт, якіпакуль не будзем раскрываць цалкам, каб захаваць інтрыгу, — у бінаўральныя навушнікі. Слухач пагрузіцца ва ўражлівы свет якаснага гуку.
Яшчэ адно ноў-хаў — «разумная» камера захоўвання з разеткамі, запітанымі ад сонечнага калектара. Такім чынам, уладальнікі тэлефонаў на час экскурсіі змогуць паставіць свае мабільныя апараты на зарадку. У выпадку са школьнікамі — гэта падвойная карысць, бо дзеці яшчэ і адцягвацца не будуць. Адкрыццё «Цэнтра міфалагічнага турызму» намечана на май-чэрвень.
Мастацкія працы конкурсу «Міфы Лепельшчыны» зможа ацаніць кожны ахвотны ў Доме экалагічнай асветы ў Домжарыцах. А сачыненні ўвойдуць у тэматычную брашуру ад БГА «Адпачынак у вёсцы». Дарэчы, арганізацыя ўжо выпусціла унікальны друкаваны прадукт — кулінарную карту Беларусі. Такі вось навігатар па нацыянальнай кухні. Плануецца зрабіць яе ў электронным выглядзе для масавай даступнасці і магчымасці хутка ўносіць новую інфармацыю. Тады з яе дапамогай турысты і цэніцелі роднай кулінарнай спадчыны знойдуць канкрэтныя пункты грамадскага харчавання, дзе можна паспрабаваць тую ці іншую страву. Дарэчы, традыцыйныя для Лепельскага раёна «Клёцкі з «душамі» ўваходзяць у дзяржаўны спіс гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
/> Надышоў доўгачаканы момант узнагароджання пераможцаў. Конкурсанты — ад шасці да пятнаццаці гадоў. Работы дзяцей ацэньвала кампетэнтнае журы па дзесяцібальнай сістэме. Намінацый шмат, і ўвагу ўдзелілі ўсім. Прызёрам дасталіся граматы і дарожныя сумкі, упрыгожаныя нацыянальным арнаментам. Трэцяе месца з малюнкам «Цмок» заняла другакласніца Сафія Буракова з гімназіі. Яе зялёны цмок з каляровымі ўзорамі выглядаў па-дзіцячы мілым і бяскрыўдным. Уладзіславу Мірановічу з СШ №3 за «Сварога» дасталося другое месца і пахвала ад суправаджаючых настаўнікаў за актыўны ўдзел ва ўсіх мастацкіх конкурсах. Пераможцам прызнана выхаванка Цэнтра дзяцей і моладзі Адэліна Будзяну. Яе «Лесавік» ствараўся ў творчай майстэрні «Чараўнік», якой кіруе Марына Самонава. На суд журы пайшлі шэсць работ пад кіраўніцтвам педагога цэнтра.
Герой атрымаўся асаблівым, не нагадвае карцінкі ў інтэрнэце ці кальку з кнігі. На галаве замест капелюша птушынае гняздо з жыхарамі, у руках — трысцінка з жывога дрэва з галінкай, якая распускаецца, а на носе — маленькі мухаморчык.
Што тычыцца сачыненняў. Чацвёртакласнік Віталь Харанека са Старалепельскай базавай школы пад апладысменты ўзнагароджаны за трэцяе месца. Яго «Просты хлопчык«Лепелька» зрабіла моцнае ўражанне. Дзевяцікласнік Полсвіжскай школы Кірыл Лянкоўскі напісаў «У краі міфаў» і заняў другое месца. Найлепшай названа праца Варвары Храмцовай «Пад маляваным крыжам». Васьмікласніца вучыцца ў школе аграгарадка Баброва і з’яўляецца адзінай дзяўчынкай у класе. Прызнаецца, што хлапчукі да конкурсу зацікаўленасці не праявілі. Яна ж прыйшла дадому і спытала парады ў таты Вячаслава.
З дзяцінства Вара цікавілася мясцовымі легендамі. Але адна з іх ёй падабалася асабліва… Далёкі тысяча восемсот дванаццаты год і разгромленае напалеонаўскае войска. Мясцовыя жыхары, валодаючы чалавечнасцю і спачуваннем нават да ворага, пастараліся пахаваць французскіх салдат зямлёй, як таго патрабуе хрысціянскі звычай. На пахаваннях паставілі чырвоны крыж. Сачыненне заняло тры старонкі школьнага сшытка. Хто быў ідэйным натхняльнікам — зразумела, а вось галоўным рэдактарам і карэктарам выступіла Надзея Хаванская — Варына настаўніца беларускай мовы.
Прыехаўшы на мерапрыемства з Мінска намеснік галоўнага рэдактара «Краязнаўчай газеты» Уладзімір Пучынскі дадаткова адзначыў Анастасію Закіс з Заслонаўскай школы і перадаў ёй кнігу «Славутыя імёны Бацькаўшчыны». Такі ж падарунак паднёс прадстаўніку Старалепельскай школы для калектыўнага карыстання.
Яўгенія ЛЯХ.
На здымку Адэліна Будзяну і яе кіраўнік Марына Самонава.