Міліцыя 19 снежня паводзіла сябе максімальна карэктна ў дачыненні да ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі - А.Куляшоў
26.1.20110 праглядаў
26 студзеня, Мінск /Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА/. Міліцыя 19 снежня паводзіла сябе максімальна карэктна ў дачыненні да ўдзельнікаў несанкцыянаванай акцыі. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам міністр унутраных спраў Беларусі Анатоль Куляшоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Усё рабілася для таго, каб органы правапарадку не абвінавацілі ў тым, што яны перашкаджаюць вольнаму волевыяўленню грамадзян, парушаюць правы, свабоды і дэмакратыю ў краіне", - сказаў Анатоль Куляшоў.
У прыватнасці, адзначыў ён, міліцыя не адрэагавала нават тады, калі прагучаў заклік пайсці з Кастрычніцкай плошчы ў бок рэзідэнцыі кіраўніка дзяржавы. "Затым быў другі заклік - аб захопе будынка ЦВК і Дома ўрада", - дадаў міністр.
Анатоль Куляшоў адзначыў, што ў заходніх краінах падобны мітынг наогул не адбыўся б. "Вы ведаеце, які там парадак. Там нішто падобнае ніколі не змогуць правесці. Возьмем, напрыклад, Германію - там дакладна вызначаны месцы, дзе можна праводзіць падобныя мерапрыемствы. Вы што, хочаце сказаць, што каля Бундэстага або пры рэзідэнцыі прэзідэнта можна правесці падобнае мерапрыемства? Не!", - сказаў кіраўнік МУС, звяртаючыся да журналістаў.
Тым не менш беларуская міліцыя старалася максімальна карэктна сябе паводзіць у адносінах да ўдзельнікаў акцыі, не звяртаючы ўвагі, у тым ліку, на блізкасць да рэзідэнцыі Прэзідэнта. "Была мэта адна - максімальна карэктна, праяўляючы вытрымку, не даць магчымасці справакаваць міліцыю тым, хто знаходзіўся на несанкцыянаваным мітынгу, - падкрэсліў Анатоль Куляшоў. - Бачачы агрэсіўнасць натоўпу, мы не сталі прадпрымаць ніякіх актыўных дзеянняў толькі з адной мэтай: каб не справакаваць натоўп на актыўнае супрацьстаянне сілам правапарадку".
Па словах Анатоля Куляшова, супрацоўнікі правапарадку таксама імкнуліся не ствараць перашкод для журналістаў, якія маглі здымаць усё, што адбываецца. Гэты факт пацвярджаецца, у тым ліку, вялікай колькасцю відэа- і фотаматэрыялаў у розных СМІ аб падзеях вечара 19 снежня.
Але калі падзеі пачалі набываць пагрозлівы абарот, міліцыя была вымушана адрэагаваць для навядзення парадку. "Былі прадпрыняты актыўныя меры для таго, каб абараніць Дом урада, паколькі гучалі адкрытыя заклікі да захопу Дома ўрада: "Знаходзьце цэглу, камяні, будзем біць міліцыю, усіх тых, хто нам супрацьстаіць", - распавёў міністр. - Мы не маглі дапусціць, каб гэтае полымя, якое запалілі кандыдаты ў прэзідэнты, так званыя рэвалюцыянеры, парушыла парадак і стабільнасць у Беларусі".
"Ці можна было паступіць інакш, калі на працягу многіх месяцаў ішоў актыўны заклік з боку кандыдатаў у прэзідэнты і не толькі сабрацца на Кастрычніцкай плошчы. Пры гэтым ніхто нават не папрацаваў падаць заяўку ў адпаведныя органы выканаўчай улады на права правядзення такога мерапрыемства. Гэта значыць, людзі першапачаткова свядома ішлі на парушэнне закона", - перакананы кіраўнік МУС.
Ён яшчэ раз падкрэсліў, што ў іншых краінах, якія лічацца дэмакратычнымі, у дачыненні да ўдзельнікаў падобных мітынгаў выкарыстоўваюцца і слязацечны газ, і гумовыя кулі, і водаметы. "Сёння прадстаўнікі розных дзяржаў кажуць пра тое, што праваахоўныя органы дзейнічалі адэкватна, прапарцыйна тым негатыўным тэндэнцыям, якія развіваліся на плошчы Незалежнасці. Не было прымянення нейкай звышсілы", - дадаў Анатоль Куляшоў. -0-
БЕЛТА