14 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства эканомікі Беларусі ўстанавіла гандлёвыя надбаўкі да цэн на сацыяльна значныя тавары. Пра гэта паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў аддзеле сувязяў з грамадскасцюць Мінэканомікі. Гэтае рашэнне прынята пастановай Міністэрства эканомікі ад 14 снежня 2011 года №200 "Аб гандлёвых надбаўках да цэн на сацыяльна значныя тавары і прызнанні страціўшымі сілу некаторых пастаноў Міністэрства эканомікі Рэспублікі Беларусь". Дакумент прыняты ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў ад 7 снежня 2011 года №1655, якой зацверджаны новы пералік сацыяльна значных тавараў і паслуг, цэны на якія рэгулююцца Міністэрствам эканомікі, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам. Як адзначылі ў Мінэканомікі, каментуючы пастанову №200, вызначаны механізм рэгулявання цэн на сацыяльна значныя тавары. Гэта дазволіць спыніць неабгрунтаваны рост цэн на спажывецкія тавары і паслугі. У цяперашні час пастанова №200 знаходзіцца на прававой экспертызе ў Міністэрстве юстыцыі. Як паведамлялася раней, у пералік сацыяльна значных тавараў, якія рэгулюе Мінэканомікі, увайшло 27 таварных пазіцый, раней было 14. Сюды ўвайшлі вараныя каўбасы, сасіскі, пельмені, субпрадукты, фаршы, сыры, рыба, соль, крупы аўсяныя, кава, чай. Таксама пералік пашыраны за кошт некаторых відаў дзіцячага харчавання. Пералік сацыяльна значных тавараў (работ, паслуг), цэны (тарыфы) на якія рэгулююцца аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам, таксама дапоўнены. Сюды ўвайшлі панчошна-шкарпэткавыя вырабы, мыла. Раней рэгуляванне ажыццяўлялася толькі ў дачыненні да гэтых тавараў для дзяцей. Цяпер пашыраны пералік і іншых дзіцячых тавараў, у прыватнасці ложкі, каляскі, коўдры дзіцячыя. Будуць рэгулявацца цэны і на паслугі па рамонце абутку.-0-

БЕЛТА