Мінэканомікі канстатуе запаволенне росту цэн у Беларусі
29.6.20110 праглядаў
29 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Рост узроўню цэн у Беларусі запаволіўся. Пра гэта заявіў сёння на прэс-канферэнцыі міністр эканомікі Мікалай Снопкоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Рост узроўню цэн запавольваецца, - канстатаваў міністр. - Індэкс спажывецкіх цэн у цэлым за паўгоддзе складзе 33-34%. У параўнанні з маем гэтага года ў чэрвені мы назіраем запаволенне росту тэмпаў інфляцыі".
Мікалай Снопкоў таксама адзначыў, што па выніках паўгоддзя гэтага года прагназуецца запаволенне тэмпаў росту ВУП да 11%, што на 1,5% працэнтнага пункта ніжэй, чым у студзені-маі гэтага года. "Гэта звязана з намаганнямі ўрада па сцісканні ўнутранага попыту", - растлумачыў ён.
Па словах кіраўніка Мінэканомікі, эканамічны рост у краіне на дадзены момант забяспечаны пры некаторым пагаршэнні якасных паказчыкаў. "Так, тэмп росту прадукцыйнасці працы па прагнозных ацэнках за першае паўгоддзе складзе 10,7%, што на 1,3 працэнтнага пункта менш, чым за 5 месяцаў", - распавёў міністр. Зніжэнне энергаёмістасці ВУП за паўгода чакаецца ў межах 7-8%. У прамысловай вытворчасці рост ацэньваецца на ўзроўні 10,5-10,7%. "У сельгасвытворчасці мы ацэньваем рост на ўзроўні каля 3% пры зніжэнні рэнтабельнасці продажаў на дадзены момант да 2%", - праінфармаваў Мікалай Снопкоў. Пры гэтым ён растлумачыў, што гэта звязана з сезонным скарачэннем аб'ёмаў вытворчасці прадукцыі, а таксама з падаражаннем імпартных бялковых кармоў.
Ва знешнім гандлі таварамі і паслугамі першае паўгоддзе характарызуецца захаваннем тэндэнцыі паляпшэння, падкрэсліў міністр. Дастаткова рэзка запаволіўся рост адмоўнага сальда знешняга гандлю. Гэты паказчык у студзені-маі гэтага года склаў $3,9 млрд.
"За 5 месяцаў 2011 года ўпершыню за некалькі гадоў тэмп росту экспарту перавысіў тэмп росту імпарту на 4,5 працэнтнага пункта", - канстатаваў кіраўнік Мінэканомікі. Ён адзначыў, што гэта стала вынікам тых мерапрыемстваў, якія ажыццяўляе ўрад у бягучай эканамічнай сітуацыі.
У той жа час у інвестыцыйнай сферы чакаецца запаволенне тэмпаў росту. "Тэмп росту інвестыцый у асноўны капітал знізіцца да 122-123%", - сказаў Мікалай Снопкоў. - Гэта звязана з прымаемымі ўрадам мерамі па збалансаванні ўнутранага попыту і абмежаванні крэдытавання па дзяржпраграмах".
На спажывецкім рынку чакаецца захаванне высокіх тэмпаў росту. "Рост рознічнага тавараабароту ацэньваецца ў 20-21%", - рэзюмаваў Мікалай Снопкоў.-0-
БЕЛТА