Ёсць дастаткова падстаў для павышэння крэдытнага рэйтынгу Беларусі. Пра гэта ў Вене заявіў журналістам міністр фінансаў Максім Ермаловіч, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Міністр расказаў, што ў рамках афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў яго насычаная праграма. Максім Ермаловіч канстатаваў, што рэспубліку з дзяржаўнымі фінансавымі інстытутамі Аўстрыі звязвае дастаткова вялікае крэдытнае супрацоўніцтва. Так, яшчэ адбудуцца сустрэчы з прадстаўнікамі Аўстрыйскага кантрольнага банка і Аўстрыйскага банка развіцця. "Мы пастараемся знайсці новыя механізмы супрацоўніцтва. Зноў абмяркуем стан, бягучую ацэнку крэдытаздольнасці Беларусі, магчымасці павышэння крэдытнага рэйтынгу краіны ў найбліжэйшай будучыні", - паведаміў ён.
Па словах міністра, гэта вельмі важныя пытанні для пашырэння інвестыцыйнага і крэдытнага супрацоўніцтва не толькі з Аўстрыяй, але і ў цэлым з Еўрасаюзам, ЗША, таму што на першы план на сённяшні дзень выходзяць фінансавыя мадэлі рэалізацыі інвестыцыйных праектаў. "Фінансавых рэсурсаў у свеце сапраўды дастаткова шмат. І магчымасці прыцягнення іх на працяглыя тэрміны пад нізкія працэнтныя стаўкі становяцца ключавым элементам канкурэнтнай барацьбы пры рэалізацыі такіх праектаў", - падкрэсліў кіраўнік Мінфіна.
Ён упэўнены, што падстаў для павышэння крэдытнага рэйтынгу Беларусі больш чым дастаткова. Гэта, у прыватнасці, пацвярджаецца бездакорнай плацежнай дысцыплінай краіны, устойлівым станам эканомікі на працягу некалькіх гадоў. "Таму мы чакаем аб'ектыўнай ацэнкі нашай крэдытаздольнасці. І гэтая аб'ектыўная ацэнка - павышэнне крэдытнага рэйтынгу краіны - дазволіць нам у далейшым істотна пашырыць крэдытнае ўзаемадзеянне з нашымі партнёрамі і ў Аўстрыі, і ў ЕС у цэлым. Гэта сур'ёзная альтэрнатыва іншым фінансавым інструментам, якія сёння прапануюцца практычна ўсімі ключавымі краінамі свету", - сказаў Максім Ермаловіч.