28 снежня, Мінск /Алена Прус - БЕЛТА/. У Беларусі з 1 студзеня 2013 года месячная мінімальная заработная плата ўстаноўлена ўрадам у памеры Br1 млн. 395 тыс., гадзінная - Br8 тыс. 340. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны. Па словах спецыялістаў, у выніку суадносіны памераў мінімальнай заработнай платы (МЗП) і сярэднедушавога мінімальнага спажывецкага бюджэту сям'і (МПБ) з чатырох чалавек на пачатак 2013 года складзе 100,2% (пастановай Мінпрацы і сацабароны на перыяд з 1 лістапада 2012 года па 31 студзеня 2013 года сярэднедушавы МПБ сям'і з чатырох чалавек зацверджаны ў памеры Br1 млн. 391 тыс. 530). Прававая аснова вызначэння памеру і прымянення МЗП рэгламентавана Законам Рэспублікі Беларусь "Аб устанаўленні і парадку павышэння памеру мінімальнай заработнай платы". МЗП (месячная і гадзінная) прымяняецца выключна ў сферы працоўных адносін як дзяржаўны мінімальны сацыяльны стандарт у галіне аплаты працы за працу ў нармальных умовах пры выкананні ўстаноўленай (месячнай і гадзіннай) нормы працы і забяспечвае сацыяльную абарону работнікаў. Памеры мінімальнай заработнай платы (месячнай і гадзіннай) устанаўліваюцца Саветам Міністраў штогод з 1 студзеня зыходзячы з патрэб работніка ў матэрыяльных дабротах і паслугах, эканамічных магчымасцей рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў, а таксама наймальнікаў, суадносін паміж яе памерамі і сацыяльнымі нарматывамі (бюджэтам пражытачнага мінімуму, мінімальным спажывецкім бюджэтам). Варта падкрэсліць, што памер МЗП, устаноўлены заканадаўствам і з улікам індэксацыі, з'яўляецца абавязковым для наймальнікаў у якасці ніжэйшай мяжы аплаты працы работнікаў. Мерапрыемствамі па выкананні Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады вызначана, што памер МЗП штогод павінен устанаўлівацца на ўзроўні не ніжэйшым за памер мінімальнага спажывецкага бюджэту сям'і з чатырох чалавек на пачатак года ў мэтах забеспячэння яе ўзроўню не менш за траціну ад сярэдняй заработнай платы за справаздачны перыяд.