Першай звярнулася жыхарка вёскі Бароўка. Жанчыну трывожыла пытанне ўвекавечання памяці Лепельскіх мінамётнага і пяхотнага вучылішчаў.

Першай звярнулася жыхарка вёскі Бароўка. Жанчыну трывожыла пытанне ўвекавечання памяці Лепельскіх мінамётнага і пяхотнага вучылішчаў.

 Лепельскі раён у гады Вялікай Айчыннай вайны меў стратэгічнае значэнне ў пытанні вядзення ваенных дзеянняў. На тэрыторыі краю размяшчаліся два вучылішчы – мінамётнае і пяхотнае. На дадзены момант памяць пра іх захоўваецца ў большай ступені ў кнігах.

Размова ідзе аб выданні «Лепельскае мінамётнае вучылішча», аўтарамі якога з'яўляюцца Аліна Стэльмах, дырэктар раённага краязнаўчага музея, а таксама Галіна Якаўлева, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава. Другая важная кніга – «Лепельскае пяхотнае вучылішча» пад аўтарствам Андрэя Бараноўскага.

-- На паперы памяць ёсць, а мемарыяльнага знака ў раёне няма!, -- падкрэсліла грамадзянка, якая звярнулася да Міністра. – Нам бы вельмі хацелася, каб на тэрыторыі Бароўкі з'явіўся які-небудзь мемарыяльны знак, які б назаўжды ўвекавечыў памяць аб дзейнасці Лепельскіх мінамётнага і пяхотнага вучылішчаў, -- сказала жанчына.

Як стала вядома падчас гутаркі, гэтым пытаннем ужо займаюцца прадстаўнікі раённай улады, бо, сапраўды, для жыхароў раёна з'яўленне такога памятнага знака стане важнай і патрэбнай падзеяй. Гэта будзе адпавядаць нашым імкненням ушанаваць памяць аб земляках, сцвердзіць сваю пазіцыю адносна гістарычнай праўды і яшчэ раз падкрэсліць высокую ступень павагі да нашага гераічнага мінулага.

Месцам устаноўкі памятнага знака, безумоўна, павінна стаць вёска Бароўка, бо менавіта сюды напярэдадні вайны ў 1941 годзе было перадыслакавана Лепельскае мінамётнае вучылішча.  Тут жа, у Бароўцы,  першапачаткова размяшчалася і пяхотнае вучылішча (перад вайной яно было перадыслакавана ў г.Чараповец Валагодскай вобласці).

Міністр абароны ўважліва выслухаў грамадзянку і падтрымаў у вырашэнні дадзенага пытання. Адназначна ў в. Бароўка з'явіцца памятны знак.

-- Магчыма, гэта будзе мемарыяльная дошка, магчыма стэла, а можа і цэлы памятны комплекс, уключаючы памятную дошку і некаторыя ўзоры ваеннага рыштунку, напрыклад, каску, вінтоўку, мінамёт. Жыхарам былога ваеннага гарадка трэба набрацца цярпення, бо працэс устаноўкі новага памятнага аб'екта зойме

некаторы час – запатрабуе афармленне дакументаў, распрацоўка і ўзгадненне макета, зацвярджэнне праекта і гэтак далей. Тым не менш, план працы ўжо намечаны, можна прыступаць, -- адзначыў Віктар Генадзьевіч.

Другой на прыём да Міністра прыбыла жыхарка г.Лепеля. Жанчына 16 гадоў таму страціла сына і зараз уваходзіць у камітэт салдатскіх маці Віцебскай вобласці. Да Віктара Генадзьевіча грамадзянка звярнулася, каб даведацца, ці праўда, што такім маці, як яна, неўзабаве адмяняць льготы адносна медыцынскага абслугоўвання.

-- Ці магу я на льготных умовах праходзіць медыцынскае абследаванне на базе ваеннага клінічнага медыцынскага цэнтра Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь? – задала пытанне Міністру жанчына.

-- Адназначна так! Як і раней, усе жанчыны, якія ўваходзяць у камітэт салдатскіх маці, могуць бесперашкодна атрымліваць медыцынскія паслугі на льготных умовах. Калі ж дзесьці ў інтэрнэце хтосьці мог убачыць інфармацыю аб спыненні такога віду дапамогі, то запэўніваю вас, інакш як інфармацыйныя «укіды» гэта не назавеш, -- пракаментаваў Віктар Генадзьевіч.

Задаволіўшыся адказам, грамадзянка таксама звярнулася да Міністра абароны са словамі падзякі і прызнальнасці за працу ўсіх прадстаўнікоў сілавога блока нашай Беларусі. Жанчына адзначыла, што шчаслівая жыць пад мірным небам.

-- Я ўпэўнена, што нашы вайскоўцы дадуць адпор любому ворагу. Дзякуй за магчымасць спакойна спаць! -- падзякавала лепельчанка Міністра.

Таксама жанчына адзначыла і высокі ўзровень працы прадстаўнікоў мясцовай улады. Чуласць, дапамога і падтрымка – гэта яна адчувае ў свой адрас з боку кіраўніцтва краю.

По матэрыялах газеты "Лепельскі край"