Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Горлаў ацаніў ход уборачнай кампаніі ў Докшыцкім раёне.

Кіраўнік профільнага ведамства правёў сустрэчу з калектывам упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Докшыцкага райвыканкама. Удзел у сустрэчы прынялі старшыня райвыканкама Сяргей Абірала і яго першы намеснік Наталля Вараб'ёва.

Падчас гутаркі са спецыялістамі ўпраўлення былі абмеркаваны пытанні, якія тычацца ходу ўборачнай і пасяўной кампаній як у раёне, так і ў цэлым па краіне, а таксама жывёлагадоўчай галіны.

- Такія сустрэчы важныя, таму што, калі напрамую размаўляеш са спецыялістамі, якія непасрэдна сутыкаюцца з практычнай дзейнасцю нашых сельгаспрадпрыемстваў, выпрацоўваюцца асаблівыя падыходы ў рэалізацыі тэхналагічных мерапрыемстваў. Гэта добры абмен вопытам. У сельскай гаспадарцы дасягнута многае, але трэба рухацца наперад, удасканальвацца, каб галіна была яшчэ больш эфектыўнай і прадуктыўнай. У цэлым Докшыцкі раён — адзін з лідараў у Віцебскай вобласці. Што тычыцца ходу ўборачнай кампаніі, то ў Віцебскай вобласці атрыманы добры ўраджай. У гэтым пераканаўся, наведаўшы практычна ўсе рэгіёны. Людзі працуюць самааддана, на вынік. Перажываюць, але самае галоўнае з добрым настроем. Віцебскім аграрыям трэба ў сціснутыя тэрміны — да 1 верасня — убраць тыя збожжавыя, якія яшчэ ў палях. Расцягваць ні ў якім разе нельга.

vitebsk-region.gov.by