4 снежня, Ашхабад /Кар. БЕЛТА/. Міністры замежных спраў Беларусі і Таджыкістана Уладзімір Макей і Хамрохон Зарыфі на сустрэчы ў Ашхабадзе адзначылі высокі ўзровень узаемадзеяння дзвюх краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Па словах Уладзіміра Макея, сустрэча кіраўнікоў дзяржаў падчас афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Таджыкістан у кастрычніку 2011 года паслужыла дадатковым імпульсам для актывізацыі двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. "Што тычыцца ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне, то ў нас увогуле няма ніякіх праблем. Мы вельмі актыўна супрацоўнічаем у міжнародных арганізацыях", - адзначыў ён. Уладзімір Макей таксама пацвердзіў запрашэнне міністру замежных спраў Таджыкістана наведаць з візітам Беларусь.
Хамрохон Зарыфі канстатаваў, што двухбаковыя адносіны Беларусі і Таджыкістана складаюцца дастаткова паспяхова. Паміж краінамі дасягнуты сур'ёзныя дамоўленасці як у сферы палітычнага, так і эканамічнага супрацоўніцтва, рэалізацыя якіх дазволіць вывесці беларуска-таджыкскія адносіны на яшчэ больш высокі ўзровень. "Мы заўсёды падтрымлівалі адзін аднаго як у двухбаковых адносінах, так і на міжнароднай арэне, у тым ліку ў ААН, АБСЕ, іншых міжнародных арганізацыях. У нас заўсёды былі практычна адзіныя пазіцыі", - падкрэсліў кіраўнік МЗС Таджыкістана.
Як паведамлялася, 4 снежня ў Ашхабадзе пройдзе пасяджэнне Савета міністраў замежных спраў дзяржаў - удзельніц СНД (СМЗС СНД), на якім запланавана абмеркаванне пытанняў гуманітарнага супрацоўніцтва, дакументаў па ўзаемадзеянні ў галіне культуры, спорту, турызму, аховы навакольнага асяроддзя. Асаблівая ўвага будзе нададзена пытанням паглыблення рэгіянальных сувязяў у гуманітарнай сферы і забеспячэння бяспекі. СМЗС пройдзе напярэдадні пасяджэння Савета кіраўнікоў дзяржаў СНД.-0-
БЕЛТА
Міністры замежных спраў Беларусі і Таджыкістана адзначаюць высокі ўзровень узаемадзеяння дзвюх краін
4.12.20120 праглядаў