14 ліпеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства культуры Беларусі зацікаўлена ва ўдзеле расійскіх кінематаграфістаў у XVIII Мінскім міжнародным кінафестывалі (ММКФ) "Лістапад". Перспектывы супрацоўніцтва міністэрстваў культуры Беларусі і Расіі абмеркавалі на сустрэчы ў Віцебску кіраўнікі ведамстваў Павел Латушка і Аляксандр Аўдзееў, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар Мінкультуры Беларусі Ганна Смальская. Міністры разгледзелі пытанні супрацоўніцтва ў сферы кінематографа, тэатральнага мастацтва, адукацыі, бібліятэчнай і музейнай справы, выставачнай дзейнасці. Павел Латушка і Аляксандр Аўдзееў гаварылі аб магчымасці працы над сумеснымі кінапраектамі, аказанні садзейнічання ў правядзенні прэзентацыі аб ільготных умовах у сферы кінавытворчасці на тэрыторыі Беларусі з запрашэннем на яе зацікаўленых кінематаграфістаў і спецыялістаў РФ. Акрамя таго, на сустрэчы была адзначана зацікаўленасць беларускага боку ў запрашэнні вядучых расійскіх кінематаграфістаў на ММКФ "Лістапад", які пройдзе з 5 па 12 лістапада 2011 года. Ганна Смальская паведаміла, што ў сферы тэатральнага мастацтва разгледжана магчымасць арганізацыі гастроляў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы ў 2013 годзе ў Томску, дзе будзе прадстаўлена п'еса "Паўлінка", а таксама аказання падтрымкі ў правядзенні Велікоднага фестывалю Валерыя Гергіева ў Беларусі ў 2012 годзе. Асаблівую ўвагу міністры ўдзелілі супрацоўніцтву ў рамках ЕўрАзЭС. Паўлам Латушка адзначана станоўчая праца Савета па культуры пры Інтэграцыйным камітэце ЕўрАзЭС пад старшынствам міністра культуры РФ. Беларускі бок таксама выказаў зацікаўленасць у далейшым супрацоўніцтве з вядучымі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі сферы культуры Расіі (садзейнічанне ў арганізацыі стажыровак (навучання) студэнтаў, аспірантаў, дактарантаў, выкладчыкаў ВНУ сферы культуры і мастацтва, у праходжанні стажыровак беларускіх дырыжораў у вядучых тэатрах Расіі). -0-

БЕЛТА