16 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністэрства адукацыі накіравала для разгляду зацікаўленым ведамствам прапановы па ўнясенні змяненняў у правілы прыёму ў ВНУ і ССНУ Беларусі. Пра гэта карэспандэнту БЕЛТА распавялі ў прэс-цэнтры Міністэрства адукацыі. У прыватнасці, прапануецца адмяніць асобны конкурс пры паступленні сярод выпускнікоў сельскіх і гарадскіх устаноў адукацыі. "Улічваючы выраўноўванне ўзроўню падрыхтоўкі сельскіх і гарадскіх школьнікаў, прадстаўляецца апраўданым правядзенне агульнага конкурсу", - сказалі ў прэс-цэнтры. За некалькі гадоў адбылося значнае збліжэнне пробных балаў абітурыентаў - выпускнікоў сельскіх і гарадскіх устаноў адукацыі. У апошнія два гады на кожнай другой спецыяльнасці залічэнне праводзілася па агульным конкурсе. У 2012 годзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, напрыклад, доля спецыяльнасцей, пры паступленні на якія выпускнікі сельскіх школ паказалі больш высокія балы, чым выпускнікі гарадскіх, склала 67% (у 2011-м - 51%). У рэгіянальных ВНУ гэты паказчык быў яшчэ вышэй. Аднак у шэрагу выпадкаў гараджане, якія маюць перавагу ў 100 і больш балаў, прайгравалі конкурс. Так, у БДУ пробны бал на спецыяльнасць "мікрабіялогія" для гараджан склаў 243, а для сельчан - 134, на спецыяльнасць "міжнароднае права" - адпаведна 374 і 287 балаў. У цяперашні час асобны конкурс праводзіцца пры ўмове, калі пробны бал сельскіх абітурыентаў ніжэйшы за пробныя балы гарадскіх, нават калі ад сельчан пададзена адна заява, што скажае часам прынцып справядлівасці пры залічэнні.-0-

БЕЛТА