24 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Дзяржаўная камісія па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2012 годзе прапануе Міністэрству адукацыі правесці восенню грамадскае абмеркаванне новых правілаў прыёму, дапрацаваць варыянт і да лістапада прадставіць іх на разгляд кіраўніка дзяржавы. Аб гэтым сёння на прэс-канферэнцыі паведаміў старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі - старшыня Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзення ўступных выпрабаванняў ва ўстановах вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў 2012 годзе Анатоль Рубінаў, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Па словах Анатоля Рубінава, сітуацыя сёлетняга года паказала, што пытанні льготнага паступлення, рознага конкурсу паміж абітурыентамі з сяла і горада патрабуюць перагляду. "Напрыклад, захавалася сітуацыя, калі пры залічэнні ў ВНУ ільготнікамі забіраюцца месцы ў больш падрыхтаваных абітурыентаў. Напрыклад, у Беларускім дзяржаўным універсітэце на спецыяльнасць "сацыяльныя камунікацыі" пры прахадным бале 364 па-за конкурсам былі залічаны 3 ільготніка (з ліку дзяцей-сірот), якія набралі 156, 208 і 296 балаў. У Беларускім нацыянальным тэхнічным універсітэце пры паступленні на спецыяльнасць "мытная справа" абітурыент, які набраў 318 балаў, быў выцеснены ільготнікамі, што маюць толькі 170 балаў. "Гэту сітуацыю трэба выпраўляць", - лічыць Анатоль Рубінаў. Як і ў мінулым годзе, адмоўны ўплыў на якасць адбору абітурыентаў аказвала правядзенне асобнага конкурсу паміж выпускнікамі сельскіх і гарадскіх устаноў адукацыі. Часам гараджане, якія маюць перавагу каля 150 балаў, прайгравалі конкурс. Так, у Беларускім дзяржаўным універсітэце прахадны бал на спецыяльнасць "мікрабіялогія" для гараджан склаў 243, а для вяскоўцаў - толькі 134, на спецыяльнасць "міжнароднае права" - адпаведна 374 і 287 балаў. "Мяркую, залічэнне трэба праводзіць выключна на падставе конкурснага адбору, каб ільготы датычыліся не ведаў і здольнасцей, а выключна сацыяльнага забеспячэння абітурыента - адмена платы за правядзенне ЦТ, размяшчэнне ў інтэрнаце, вызваленне ад аплаты за навучанне, ільготны крэдыт", - адзначыў ён.