21 верасня, Мінск /Лілія Крапівіна - БЕЛТА/. Міністэрства прамысловасці Беларусі прымае меры па павышэнні тарыфнай абароны сваіх вытворцаў. Аб гэтым паведаміў сёння міністр прамысловасці Беларусі Дзмітрый Кацярыніч падчас відэабранфінгу на сайце Нацыянальнага прэс-цэнтра, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
"Расія з 23 жніўня ўступіла ў СГА, і з гэтай мэтай мы павінны больш увагі надаваць як гарманізацыі заканадаўства, так і тарыфнай абароне нашых прадпрыемстваў, - сказаў міністр. - Цяпер мы накіравалі сумесна з МЗС шэраг прапаноў на павышэнне тарыфных ставак на такую прадукцыю, як ліфты, электрарухавікі і многія іншыя пазіцыі".
Паводле яго слоў, эканамічная інтэграцыя трох краін - Беларусі, Расіі і Казахстана - аб'яднала іх рынкі і, безумоўна, Беларусь выйграла, бо атрымала больш ёмісты рынак і стала больш прывабнай для інвестараў. "Але, калі казаць шчыра, уступленне Расіі ў СГА адкрыла доступ тавараў, перш за ўсё, з краін Еўропы і іншых. Канкурэнцыя з іх боку на рынку Расіі і Казахстана ўзмацнілася", - канстатаваў ён.
У сувязі з гэтым прадпрыемствы Міністэрства прамысловасці займаюцца дыверсіфікацыяй рынкаў, у іх даволі амбіцыйныя планы па асваенні рынкаў ПАР, Інданезіі, Малайзіі, М'янмы, Бангладэш, Камбоджы. Плануецца будаўніцтва заводаў у Пакістане, Камбоджы, ПАР. Нягледзячы на гэта, доля расійскага рынку для Мінпрама застаецца вельмі вялікай, лічыць міністр. Таму чакаецца ўзмацненне канкурэнцыі на гэтым рынку. Для гэтага зараз прымаюцца меры, распрацаваны праграмы з мэтай павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі. "На наш погляд, толькі вырашэнне гэтай праблемы можа захаваць нашу долю на рынку Расіі і Казахстана", - сказаў ён.-0-
БЕЛТА
Мінпрам Беларусі прымае меры па павышэнні тарыфнай абароны сваіх вытворцаў
21.9.20120 праглядаў