Беларускія сельгасвытворцы гатовы выпускаць прадукцыю пад адзіным з партнёрамі па Еўразійскім эканамічным саюзе знакам якасці "Зроблена ў ЕАЭС". Пра гэта заявіў карэспандэнту БЕЛТА начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў.
Беларускія сельгасвытворцы гатовы выпускаць прадукцыю пад адзіным з партнёрамі па Еўразійскім эканамічным саюзе знакам якасці "Зроблена ў ЕАЭС". Пра гэта заявіў карэспандэнту БЕЛТА начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў.
"Калі мы прыйдзем да гэтага - будуць распрацаваны патрабаванні, устаноўлены рэгламенты, - то чаму б не выпускаць прадукцыю пад адзіным знакам "Зроблена ў ЕАЭС", - лічыць прадстаўнік Мінсельгасхарча. Гэта, па яго словах, пашырыць магчымасці і дазволіць сельгасвытворцам павялічыць выгаду ад рэалізацыі прадукцыі як на ўнутраным, так і на знешніх рынках.
"Мы падтрымліваем гэту ідэю і гатовы падтрымаць тыя прадпрыемствы, якія ўжо створаны або будуць стварацца, каб працаваць у гэтым напрамку", - дадаў Аляксей Багданаў.
У адпаведнасці з узгодненай аграпрамысловай палітыкай дзяржаў - членаў Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы, якая была зацверджана Вышэйшым еўразійскім эканамічным саветам і Дагаворам аб ЕАЭС, распрацавана канцэпцыя, накіраваная, у прыватнасці, на вырашэнне пытанняў па збалансаваным развіцці вытворчасці і рынкаў сельгаспрадукцыі і харчавання з забеспячэннем справядлівай канкурэнцыі, роўнага доступу на агульныя аграрныя рынкі, уніфікацыі патрабаванняў, звязаных са зваротам прадукцыі, а таксама на абарону інтарэсаў вытворцаў на ўнутраным і знешнім рынках.
"Для яе рэалізацыі рашэннем Вышэйшага еўразійскага эканамічнага савета ў лістападзе 2014 года зацверджаны паэтапны план мерапрыемстваў. У прыватнасці, гаворка ідзе аб пытаннях фінансавання, дзяржаўнай падтрымкі сельскай гаспадаркі, рэгулявання агульнага рынку, адзіных патрабаванняў у сферы вытворчасці і звароту сельгаспрадукцыі, а таксама яе экспарту", - адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення.
Напярэдадні Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў зварот кіраўнікам дзяржаў - членаў Еўразійскага эканамічнага саюза ў сувязі з тым, што Беларусь 1 студзеня 2015 года ўступіла ў старшынства ў Вышэйшым Еўразійскім эканамічным савеце, Еўразійскім міжурадавым савеце і Савеце Еўразійскай эканамічнай камісіі.
У звароце адзначаецца, што Беларусь разглядае ЕАЭС у якасці найважнейшага інтэграцыйнага аб'яднання, якое спрыяе забеспячэнню эканамічнай і сацыяльнай стабільнасці ў рэгіёне. У ім таксама змяшчаецца шэраг прапаноў. У прыватнасці, яны датычацца прыняцця мер па хутчэйшым пераходзе да ўзгодненай, а ў перспектыве - і да адзінай прамысловай і аграпрамысловай палітыкі, паскарэння распрацоўкі і прыняцця асноўных напрамкаў прамысловага супрацоўніцтва ў рамках саюза, забеспячэння безумоўнага пачатку функцыянавання з 1 студзеня 2016 года адзіных рынкаў лекавых сродкаў і медыцынскіх вырабаў. Акрамя таго, прапануецца пачаць практычную рэалізацыю палажэнняў дагавора, якія прадугледжваюць сумесныя дзеянні па развіцці экспарту.
Навіны Беларусі (БЕЛТА)