2 снежня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Мінбудархітэктуры абяцае завяршыць будаўніча-мантажныя работы на ААТ "Віцебскдрэў" у сакавіку. Пра гэта сёння заявіў міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Анатоль Нічкасаў падчас наведвання ААТ "Віцебскдрэў", дзе рэалізуецца буйны праект па мадэрнізацыі вытворчасці, перадае карэспандэнт БЕЛТА. Міністр адзначыў высокія тэмпы работ на будаўніцтве новых цэхаў прадпрыемства. "Цяпер першы этап уводу ўсяго комплексу - цэх для вытворчасці падлогавага ламінаванага пакрыцця - гатовы. Будынкі, размешчаныя побач, павінны быць напоўнены абсталяваннем. На адкрытай пляцоўцы вядзецца мантаж комплексу тэхналагічнага абсталявання, які трэба ўсталяваць у найкарацейшыя тэрміны. У сувязі з гэтым усе бетонныя работы будуць завершаны да сярэдзіны снежня. У найкарацейшыя тэрміны давядзецца правесці мантаж 1 тыс. т металаканструкцый. Паралельна будзе весціся мантаж абсталявання на пляцоўцы і ў корпусе з удзелам італьянскіх пастаўшчыкоў", - абазначыў асноўныя этапы будаўніча-мантажных работ Анатоль Нічкасаў. У цэлым пляцоўка новага будаўніцтва ААТ "Віцебскдрэў" добраўпарадкавана, парушэнняў тэхналогіі не выяўлена, і Мінбудархітэктуры разглядае яе як станоўчы прыклад арганізацыі работ. Анатоль Нічкасаў таксама адзначыў, што Віцебскі аблвыканкам дакладна спланаваў ход работ, прыцягнуў да стварэння праекта інстытут "Віцебскграмадзянпраект", а да будаўніцтва – рэспубліканскія і камунальныя будстрэсты. "Тут рацыянальна выбудаваны графік вядзення работ. У сакавіку ўсе работы будуць завершаны, пачнецца наладка і эксплуатацыя абсталявання для таго, каб рэалізацыю гэтага важнага праекта завяршыць ва ўстаноўленыя тэрміны - да сярэдзіны 2013 года", - сказаў міністр.