Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва абвясціла аб старце рэспубліканскага конкурсу дзіцячай творчасці "АрхНавацыя-2016", паведаміла карэспандэнту БЕЛТА прэс-сакратар міністэрства Яўгенія Філімонава.
"Конкурс дзіцячай творчасці "АрхНавацыя" праводзіцца ўжо пяты раз. Яго мэта - павышэнне цікавасці да архітэктуры роднага краю, развіццё дзіцячай архітэктурна-мастацкай творчасці і фарміраванне экалагічнай свядомасці. У гэтым годзе конкурс прымеркаваны да Года культуры", - распавяла Яўгенія Філімонава.
Арганізатарамі конкурсу з'яўляюцца Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва і Нацыянальны цэнтр мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
У конкурсе прымаюць удзел навучэнцы аб'яднанняў па інтарэсах устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і іншых устаноў адукацыі і культуры, індывідуальныя ўдзельнікі. Узрост удзельнікаў - ад 4 да 20 гадоў.
Адпраўляць на конкурс можна неаформленыя жывапісныя і графічныя работы (фармат А3-А2); архітэктурныя макеты – аб'ёмныя выявы збудаванняў або комплексу збудаванняў, выкананыя з любых матэрыялаў; неаформленыя мастацкія фотаздымкі памерам А4. Тэмы работ: "Архітэктурныя стылі ў дойлідстве Беларусі" і "Эка-архітэктура"
Конкурсныя работы і заяўкі на ўдзел прымаюцца да 5 верасня 2016 года.
Пераможцы і прызёры конкурсу ў кожнай намінацыі і ўзроставай катэгорыі ўзнагароджваюцца дыпломамі I, II, III ступені і прызамі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва; удзельнікі выставы лепшых работ конкурсу – дыпломамі Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі.
Па выніках конкурсу дзіцячай творчасці "АрхНавацыя-2016" у выставачнай зале Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі з 13 верасня па 15 кастрычніка 2016 года пройдзе выстава лепшых работ.
У мінулым годзе на конкурс было даслана больш за 2 тыс. работ.