Мінздароўя Беларусі ўзмоцніць кантроль за продажам у аптэках лекаў без рэцэпта з сярэдзіны 2012 года
28.3.20120 праглядаў
28 сакавіка, Мінск /Святлана Саўко - БЕЛТА/. Міністэрства аховы здароўя Беларусі ўзмоцніць кантроль за продажам у аптэках лекаў без рэцэпту з сярэдзіны 2012 года. Пра гэта сёння заявіў намеснік міністра аховы здароўя Беларусі, дырэктар Дэпартамента фармацэўтычнай прамысловасці Генадзь Гадавальнікаў падчас рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі "Лекавыя сродкі Рэспублікі Беларусь", перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Міністэрства аховы здароўя з сярэдзіны гэтага года будзе надаваць вялікую ўвагу таму, як аптэкі выконваюць правілы рэалізацыі лекаў з рэцэптурных і безрэцэптурных спісаў", - праінфармаваў намеснік міністра.
Паводле звестак Мінздароўя, у Беларусі зарэгістравана каля 6 тыс. найменняў лекаў. Каля тысячы з іх уваходзяць у безрэцэптурны пералік. Сярод іх, напрыклад, жарапаніжальныя, ненаркотычныя анальгетыкі, сродкі расліннага паходжання. Гэтыя і многія іншыя лекі выкарыстоўваюць для самастойнага лячэння і аказання першай дапамогі. Набываць прэпараты, якія ў пералік свабодных да продажу не ўваходзяць, з ліпеня можна будзе толькі па рэцэпце ўрача. З гэтага часу парушэнне парадку рэалізацыі лекаў для аптэк пагражае пазбаўленнем ліцэнзіі.
Як распавёў генеральны дырэктар РУП "Белфармацыя" Ігар Кавальчук, для спецыялістаў дзяржаўных аптэк правялі дадатковае навучанне па пытаннях рэалізацыі лекавых сродкаў, у тым ліку папярэдзілі аб адказнасці за адпуск лекаў без рэцэпту. Паводле яго слоў, унутрыведамасны кантроль за выкананнем дзеючага заканадаўства, якое рэгулюе парадак рэалізацыі лекавых сродкаў, будзе забяспечаны. РУП "Белфармацыя" на дадзены момант уключае 149 аптэк.
Ігар Кавальчук дадаў, што адпуск з аптэк рэцэптурных лекавых сродкаў строга па рэцэптах - нармальная сусветная практыка. Такая мера дазваляе не дапусціць бескантрольнага прыёму лекаў. "Дзяржаўная аптэчная сетка ў першую чаргу мае на мэце сацыяльныя задачы, звязаныя ў прыватнасці з прафілактыкай неадказвальнага самалячэння", - падкрэсліў ён.
У сваю чаргу прыватныя аптэкі таксама лічаць гэты крок апраўданым і пацвярджаюць гатоўнасць строга прытрымлівацца правілаў адпуску лекаў па рэцэптах урача. Так, у аптэчнай сетцы "Планета здароўя" расказалі, што спецыяльна для гэтага распрацавалі спецыяльную камп'ютарную праграму, з дапамогай якой правізар адразу можа вызначыць, адпускаецца ці не лекі па рэцэпце. Разам з тым у "Планеце здароўя" выказваюць занепакоенасць з нагоды таго, наколькі будуць гатовыя да новаўвядзенняў урачы, якім трэба будзе выпісваць у разы больш рэцэптаў. У прыватных аптэках не выключаюць, што колькасць скаргаў з боку пакупнікоў павялічыцца.
Па словах начальніка аддзела рознічнага гандлю ТАА "Іскамед" Наталлі Кавалёвай, у аптэках гэтай сеткі, каб пазбегнуць непаразуменняў, пакупнікоў ужо даўно папярэджваюць аб тым, што з другога паўгоддзя прэпараты са спісу рэцэптурных будуць прадаваць толькі пры наяўнасці рэцэпта. -0-
БЕЛТА