22 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінздароў прапануе ўкараняць экспрэс-метады дыягностыкі, якая дапаможа выяўляць нарказалежнасць у моладзевым асяроддзі на ранняй стадыі. Аб гэтым сёння паведаміў журналістам галоўны нарколаг Мінздароў Беларусі Аляксей Аляксандраў, перадае кар. БЕЛТА.
Нарколаг растлумачыў, што да такога віду дыягностыкі адносяцца, у прыватнасці, хімічныя экспрэс-тэсты, якія выяўляюць сляды наркотыкаў у арганізме. Яны могуць быць як універсальнымі, так і разлічанымі на пэўную групу наркотыкаў. Тэсты прадаюцца ў аптэках. У тым ліку можна купіць і экспрэс-тэсты беларускай вытворчасці. Яны выпускаюцца ў Беларусі з 2009 года і па адчувальнасці пераўзыходзяць расійскія аналагі.
Прапановы па выкарыстанні такіх тэстаў у асяроддзі навучэнскай і працоўнай моладзі змяшчаюцца ў законапраекце, які распрацоўваўся сумесна з МУС і ДМК. Пры распрацоўцы быў улічаны вопыт краін Мытнага саюза і ЕС. Чакаецца, што ён паступіць у парламент гэтай восенню.
Пры гэтым, на думку Аляксея Аляксандрава, падобныя экспрэс-тэсты павінны выкарыстоўвацца ў комплексе з іншымі метадамі прафілактыкі. Тэст можа не выявіць сляды наркотыку ў арганізме, калі чалавек ужыў яго тыдзень таму. Акрамя таго, станоўчы вынік тэсту патрабуе дадатковай праверкі ў лабараторных умовах.
Прадстаўнік Мінздароў адзначыў, што акрамя хімічных тэстаў павінна праводзіцца і псіхалагічнае тэсціраванне. Таксама Мінздароў прапанаваў іншыя ініцыятывы па прафілактыцы наркатычнай залежнасці.
У сваю чаргу начальнік упраўлення па наркакантролі і процідзеянні гандлю людзьмі МУС Аляксандр Гаўрылаў паведаміў, што ў Беларусі, магчыма, будзе ўзята на ўзбраенне сістэма псіхалагічнага тэсціравання, якая распрацавана ў Казахстане. Яна дазваляе вызначаць: схільны чалавек да ўжывання наркотыкаў.-0-
БЕЛТА
Мінздароўя прапануе ўкараняць экспрэс-метады наркадыягностыкі ва ўстановах адукацыі
22.6.20110 праглядаў