13 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі пад'ём захворвання на ВРВІ і грып прагназуецца ў студзені-сакавіку, у сувязі з чым зрабіць прышчэпку лепш за ўсё да пачатку снежня. Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў Міністэрстве аховы здароўя. Як тлумачаць спецыялісты, пасля прышчэпкі для стварэння паўнавартаснай абароны ад грыпу арганізму неабходна ад 14 да 30 сутак – столькі часу сыходзіць на выпрацоўку антыцелаў. Прышчэпка дзейнічае да 8 месяцаў, пасля чаго ахоўны ўзровень антыцелаў зніжаецца. Менавіта таму лекары рэкамендуюць рабіць прышчэпку штогод, не разлічваючы на імунітэт, які нібыта застаўся з мінулага года. Кампанія па вакцынацыі насельніцтва супраць грыпу ў Беларусі стартавала ў верасні. Міністэрства аховы здароўя настойліва рэкамендуе прыняць у ёй удзел. Вопыт паказвае: вакцынацыя супраць грыпу павышае ўстойлівасць арганізма да гэтай інфекцыі, зніжае цяжкасць захворвання і памяншае верагоднасць захварэць у людзей, якія не маюць імунітэту. Сучасныя грыпозныя вакцыны, прыгатаваныя з адпаведных штамаў і выкарыстаныя ў правільнай дозе, абараняюць ад грыпу каля 70-90% здаровых дзяцей і дарослых. З дапамогай вакцын можна патэнцыйна прадухіліць эпідэмію грыпу, а масавая вакцынацыя людзей, якія належаць да груп высокай рызыкі па захворванні, можа абмежаваць грыпозныя эпідэміі ў цэлым, адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя. Таксама ў міністэрстве звярнулі ўвагу, што на афіцыйным сайце Міністэрства аховы здароўя знаходзіцца падрабязная інфармацыя аб грыпе і іншых вострых рэспіраторных інфекцыях. Карыстальнікі сайта знойдуць гэтыя звесткі ў раздзеле "Імунапрафілактыка ў Рэспубліцы Беларусь", рубрыка "Актуальныя пытанні аб грыпе і іншых вострых рэспіраторных інфекцыях і іх прафілактыцы". Па афіцыйных даных Еўрапейскай сістэмы эпідэміялагічнага нагляду за грыпам (EuroFlu) Еўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ, актыўнасць грыпу па ўсім Еўрапейскім рэгіёне САЗ па-ранейшаму нізкая. Выяўленыя і даследаваныя на дадзены момант вірусы адпавядаюць тым, якія рэкамендаваны для ўключэння ў вакцыны супраць грыпу, прызначаныя для сезона грыпу 2011-2012 гадоў у Паўночным паўшар'і.-0-

БЕЛТА