21 лютага, Мінск /Ганна Кот - БЕЛТА/. Аглядная місія Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) будзе працаваць у Мінску з 22 лютага па 6 сакавіка, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Прадстаўніцтве МВФ у Беларусі. Традыцыйная штогадовая місія будзе працаваць у рамках чацвёртага артыкула статута МВФ. "Будзе разгледжана эканамічная палітыка Беларусі за папярэдні год, а таксама змяненне эканамічнай сітуацыі ў краіне. Акрамя таго, з прадстаўнікамі ўлады будуць абмяркоўвацца пытанні эканамічнай палітыкі на бягучы год", - адзначылі ў Прадстаўніцтве МВФ. Узначаліць місію Крыс Джарвіс. Такія кансультацыі Міжнародны валютны фонд праводзіць з усімі краінамі-членамі. Падчас працы місіі ў Беларусі запланаваны сустрэчы ў Міністэрстве фінансаў, на якіх бакі абмяркуюць вынікі працы фінансавай сістэмы ў 2011 годзе, а таксама асноўныя прыярытэты і задачы бюджэтна-падатковай палітыкі ў 2012 годзе. У Міністэрстве фінансаў не выключаюць абмеркавання падчас кансультацый пытання фінансавага супрацоўніцтва з МВФ.-0-

БЕЛТА