18 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Доўгатэрміновыя назіральнікі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ прыбылі ў Беларусь і з 19 лістапада прыступяць да назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ва ўсіх рэгіёнах краіны, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў штабе місіі.
У Беларусь прыехала 40 чалавек з 18 краін. Сярод іх – прадстаўнікі Расіі, Польшчы, Казахстана, Грузіі, Арменіі, Швецыі, Швейцарыі, Вялікабрытаніі, ЗША.
Міжнародныя назіральнікі ацэняць, наколькі арганізацыя і правядзенне выбараў адпавядае прынцыпам АБСЕ і міжнародным стандартам, а таксама заканадаўству краіны. "Назіральнікі будуць старанна вывучаць працэс перадвыбарнай агітацыі, выбарчае заканадаўства і яго правапрымяненне, працу выбарчых камісій і дзяржаўных структур, працэсы вырашэння спрэчных сітуацый, якія ўзнікаюць", – адзначылі ў штабе місіі.
Доўгатэрміновае назіранне прадстаўнікоў АБСЕ заключаецца ў вывучэнні сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў краіне, выбарчага заканадаўства і практыкі яго прымянення, у маніторынгу асвятлення перадвыбарчай кампаніі ў СМІ, кантролі за ходам агітацыйнай кампаніі. У адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі міжнародныя назіральнікі маюць права прысутнічаць на пасяджэннях выбарчых камісій усіх узроўняў, сустракацца з кандыдатамі ў прэзідэнты і іх даверанымі асобамі, прадстаўнікамі партый і грамадскіх аб'яднанняў.
За некалькі дзён да выбараў чакаецца прыбыццё ў Беларусь каля 400 кароткатэрміновых назіральнікаў АБСЕ. Яны будуць сачыць за ходам датэрміновага галасавання, падлікам галасоў і вызначэннем агульных вынікаў па краіне.-0-
БЕЛТА
Місія АБСЕ 19 лістапада прыступіць да назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ва ўсіх рэгіёнах Беларусі
18.11.20100 праглядаў