19 кастрычніка, Мінск /Кацярына Нячаева - БЕЛТА/. Місія АБСЕ прыступіць да доўгатэрміновага назірання за прэзідэнцкімі выбарамі ў Беларусі з сярэдзіны лістапада, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА сакратар Цэнтральнай камісіі па правядзенні выбараў і рэспубліканскіх рэферэндумаў Мікалай Лазавік. "Місія АБСЕ праінфармавала Беларусь аб тым, што ў сярэдзіне лістапада 40 доўгатэрміновых назіральнікаў прыступяць да працы ў нашай краіне", - удакладніў прадстаўнік Цэнтрвыбаркама. Ён дадаў, што ў дзень выбараў 19 снежня АБСЕ плануе накіраваць у Беларусь каля 400 міжнародных назіральнікаў. Доўгатэрміновае назіранне прадстаўнікоў АБСЕ будзе заключацца ў вывучэнні сацыяльна-палітычнай абстаноўкі ў краіне, выбарчага заканадаўства і практыкі яго прымянення, у маніторынгу асвятлення кампаніі ў СМІ, кантролі за ходам агітацыйнай кампаніі. У Цэнтрвыбаркаме растлумачылі, што ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі міжнародныя назіральнікі маюць права прысутнічаць на пасяджэннях выбарчых камісій усіх узроўняў, сустракацца з кандыдатамі ў прэзідэнты і іх даверанымі асобамі, прадстаўнікамі партый і грамадскіх аб'яднанняў. Яшчэ адна місія міжнародных назіральнікаў - ад СНД - ужо атрымала акрэдытацыйныя пасведчанні ў Цэнтрвыбаркаме Беларусі і ўжо заўтра, 20 кастрычніка, мае намер у поўным складзе прыступіць да доўгатэрміновага назірання. Плануецца, што за падрыхтоўкай да правядзення выбараў будуць сачыць 35 чалавек, сярод якіх супрацоўнікі Выканкама СНД, дыпламаты краін Садружнасці, акрэдытаваныя ў Мінску, а таксама супрацоўнікі Апарата Парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы і Сакратарыята Саюзнай дзяржавы. Паралельна працягваецца накіраванне мясцовых назіральнікаў у тэрытарыяльныя камісіі. Выбарчыя камісіі ўжо акрэдытавалі 267 нацыянальных назіральнікаў, у тым ліку 23 прадстаўніка ад палітычных партый, 149 - ад грамадскіх аб'яднанняў, 29 - ад працоўных калектываў, 66 - ад грамадзян.-0-

БЕЛТА