Напярэдадні і ў Дзень памяці Хатынскай трагедыі на Лепельшчыне прайшлі мітынгі-рэквіемы.
20 сакавіка мерапрыемства адбылося на месцы пахавання мірных жыхароў у в. Кветча Домжарыцкага сельсавета. У 1943 годзе вёску і яе жыхароў напаткаў страшны лёс Хатыні. Шмат гадоў прайшло з тых часоў, але дагэтуль гісторыі звярстваў фашыстаў на нашай зямлі, разуменне таго, што давялося перажыць нашым людзям падчас вайны, выклікаюць жах у розумах сучасных лепельчан. Вучні і настаўнікі Домжарыцкай базавай школы ўшанавалі памяць загінулых жыхароў в. Кветча, усклалі кветкі да мемарыяла.
21 сакавіка мітынг-рэквіем сабраў вучняў і педагогаў Бароўскай сярэдняй школы, а таксама старшыню Баброўскага сельвыканкама Анатоля Купрэвіча ў в. Кісцялёва. Тут размешчана брацкая магіла ахвяр фашызму на месцы знішчанай гітлераўцамі вёскі. Сёння на гэтым месцы стаіць стэла ў выглядзе даху разбуранай хаты. Побач — плакучая вярба. З другога боку — алея са старых ліп і клёнаў. А крыху далей — уручную насыпаны пагорак, пад якім і спачывае прах загінулых жыхароў. На памятнай пліце — тры дзясяткі імёнаў.
22 сакавіка дзясяткі лепельчан сустрэліся ў в. Слабодка Стайскага сельсавета, дзе размешчана брацкая магіла ахвяр фашызму на месцы знішчанай гітлераўцамі вёскі. Гэту вёску спалілі ў студзені 1943 года... Памятнае месца сабрала прадстаўнікоў раённай улады, сілавых структур, пракуратуры, грамадскіх аб'яднанняў і арганізацый, вучняў, моладзь, працоўныя калектывы і іншых неабыякавых... Лепельчане хвілінай маўчання ўшанавалі памяць ахвяр трагедыі ў Хатыні і ахвяр генацыду беларускага народа і ўсклалі кветкі да мемарыяла.
Мітынг-рэквіем у Кветчы
23.3.20260 праглядаў