Мітрапаліт Т.Кандрусевіч і Пасол Ватыкана адкрылі фестываль Magnificat у Мінску
9.9.20120 праглядаў
9 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння ў мінскім Архікафедральным касцёле Імя Найсвяцейшай Дзевы Марыі прайшла ўрачыстая служба ў гонар адкрыцця VIII Фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм Magnificat-2012, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Пасля набажэнства Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі архіепіскап Тадэуш Кандрусевіч і Апостальскі нунцый у Беларусі (Пасол Ватыкана) архіепіскап Клаўдзіа Гуджэроці, а таксама арганізатары фестывалю і прадстаўнікі дзяржаўных органаў урачыста адкрылі чарговы Magnificat.
Архіепіскап Клаўдзіа Гуджэроці перадаў прысутным прывітанне ад Папы Рымскага Бенедыкта XVI. Ён таксама адзначыў, што фільмы, якія ўваходзяць у праграму фестывалю Magnificat, вельмі важныя для нашага часу, бо на тэлебачанні часам занадта вялікі акцэнт робіцца на негатыўнай інфармацыі, напрыклад, на паведамленнях пра забойствы.
Мітрапаліт Тадэуш Кандрусевіч, адказваючы на пытанні журналістаў, сказаў, што ў нашай краіне дастаткова шмат людзей наведвае хрысціянскія храмы, але кіно, Інтэрнэт і тэлебачанне даюць магчымасць данесці вечныя каштоўнасці да значна большай колькасці людзей. Гэта датычыцца і фестывалю хрысціянскіх фільмаў і тэлепраграм Magnificat.
У сваю чаргу прадстаўнік Апарата Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Сяргей Вечар зачытаў прывітальны адрас ад кіраўніка гэтага ведамства Леаніда Гулякі, у якім падкрэслівалася, што фестываль Magnificat стаў не толькі значнай культурнай падзеяй, але і аўтарытэтным аглядам работ майстроў дакументальнага кінематографа.
Сёлетні фестываль Magnificat пройдзе ў Мінску і Глыбокім з 9 па 13 верасня. Сёлета на фестывалі будуць паказаны стужкі з больш чым 16 краін, у тым ліку Балгарыі, Германіі, Грузіі, Канады, Латвіі, Расіі, Украіны. Упершыню будуць удзельнічаць фільмы з Азербайджана і Бельгіі. Таксама склад журы Magnificat папоўніў расійскі рэжысёр Аляксандр Купрына. Сёння фестывальныя паказы праходзяць у Мінску, а 10 верасня Magnificat "пераедзе" у Глыбоцкі раён, дзе стужкі-ўдзельніцы фестывалю будуць паказаны жыхарам Глыбокага, Удзела і Масара.
Magnificat патрануецца Канферэнцыяй каталіцкіх біскупаў Беларусі. Ён быў заснаваны каталіцкай асацыяцыяй "Signis-Беларусь", студыяй "Стоп-кадр", а таксама Віцебскай каталіцкай епархіяй і часопісам "Дыялог". Фестываль накіраваны на евангелізацыю грамадства, падтрымку агульначалавечых каштоўнасцей праз работы беларускіх і замежных майстроў кіно і тэлебачання.-0-
БелТА