16 ліпеня, Віцебск /Аляксандр Сам - БЕЛТА/. Міхаілу Фінбергу ўдалося стварыць унікальны творчы калектыў. Пра гэта заявіў 15 ліпеня старшыня журы Міжнароднага конкурсу выканаўцаў эстраднай песні "Віцебск-2012" Максім Дунаеўскі на святочным канцэрце ў Віцебску, прысвечаным 25-годдзю Нацыянальнага канцэртнага аркестра Рэспублікі Беларусь, нязменным мастацкім кіраўніком якога з'яўляецца народны артыст Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі, прафесар Міхаіл Фінберг, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА. "Мне прыемна, што ў рэпертуары аркестра ёсць мае песні, гэта гонар для мяне", - сказаў расійскі кампазітар, віншуючы творчы калектыў. Максім Дунаеўскі акампаніраваў салістам аркестра, якія выканалі ўрыўкі з песень, музыку да якіх ён напісаў. У юбілейнай праграме аркестра "Нам 25! Усё пачынаецца спачатку", прысвечанай Дню Саюзнай дзяржавы на "Славянскім базары ў Віцебску", акрамя беларускіх выканаўцаў прынялі ўдзел вядомыя расійскія артысты Сяргей Дробаценка, Вікторыя П'ер-Мары, Аляксей Чумакоў, балет "Марыданс". Прывітанне ўдзельнікам і гасцям фестывалю накіраваў спікер Дзяржаўнай думы Расійскай Федэрацыі, старшыня Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі Сяргей Нарышкін. Перад пачаткам канцэрта тэкст прывітання зачытаў дэпутат Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі, расійскі парламентарый Аляксей Казакоў. "Атрадна ўсведамляць, што Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" уяўляе сабой адзін з самых яркіх і запамінальных культурных праектаў Саюзнай дзяржавы, служыць пашырэнню і ўмацаванню гуманітарнага супрацоўніцтва дзвюх краін", - гаворыцца ў віншаванні. Старшыня Парламенцкага сходу Саюза Беларусі і Расіі таксама адзначыў, што ідэалы фестывалю сугучныя дзейнасці саюзных парламентарыяў па захаванні і развіцці агульнай культурнай прасторы дзвюх дзяржаў. "Невыпадкова штогод у рамках фестывалю праводзіцца Дзень Саюзнай дзяржавы. "Славянскі базар у Віцебску", які трывала заняў годнае месца ў агульным працэсе ўзаемнага ўзбагачэння культур, спрыяе стварэнню асноў для фарміравання еўразійскай культурнай спадчыны", - гаворыцца ў прывітанні. Віншаванні таксама накіравалі дзяржаўны сакратар Саюзнай дзяржавы Рыгор Рапота і спікер Савета Федэрацыі Федэральнага сходу Расіі Валянціна Матвіенка.