24 верасня, Нью-Ёрк /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч на палях саміту ААН правёў двухбаковыя сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаў і ўрадаў замежных краін, перадае карэспандэнт БЕЛТА.



З Прэзідэнтам Манголіі Цахіагійнам Элбэгдоржам быў абмеркаваны ход падрыхтоўкі візіту мангольскага лідара ў Беларусь. "Былі адзначаны пэўныя поспехі ў рэалізацыі нашых супольных праектаў і дамоўленасцей, у першую чаргу што тычыцца транспартнага калідора. Тыя пагадненні і дамоўленасці, якія былі на стадыі рамачных пагадненняў, будуць раскрыты і замацаваны падчас маючага адбыцца візіту Прэзідэнта Манголіі ў нашу краіну. Міністэрствы транспарту адпрацавалі адпаведныя пытанні. Гэта будуць дастаткова выгадныя для абодвух бакоў праекты", - распавёў журналістам прэм'ер-міністр Беларусі.

Міхаіл Мясніковіч у прыватнасці прапанаваў мангольскаму боку шырэй выкарыстоўваць магчымасці чыгуначнага транзіту праз Беларусь. Ён таксама заявіў аб гатоўнасці прадастаўлення Манголіі экспартнага крэдыту на набыццё беларускай кар'ернай тэхнікі, прапанаваў падумаць над сумеснымі праектамі ў галіне сельскай гаспадаркі. "Мы стварылі пэўную інфраструктуру для таго, каб нашы БелАЗы маглі прадавацца і працаваць непасрэдна ў кар'ерах на радовішчах у Манголіі. У нас дастаткова амбіцыйныя планы па гэтым пытанні. Думаю, што продажы ў найбліжэйшыя год-паўтара будуць вымярацца дзясяткамі адзінак нашай цяжкай кар'ернай тэхнікі", - адзначыў прэм'ер-міністр.

Суразмоўцы прыйшлі да думкі, што з адкрыццём пасольства Беларусі ва Улан-Баторы эканамічнае супрацоўніцтва паміж дзвюма краінамі павінна быць істотна актывізавана. Прэзідэнт Манголіі таксама высока ацаніў ініцыятывы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі па вырашэнні ўкраінскага крызісу.

У ходзе перамоваў з прэм'ер-міністрам Таджыкістана Кахірам Расулзада Міхаіл Мясніковіч прапанаваў арганізаваць візіт таджыкскага калегі ў Беларусь, які мог бы адбыцца ў лістападзе-снежні гэтага года. Абмяркоўваліся перспектывы закупкі беларускай кар'ернай тэхнікі, зборкі трактароў у Таджыкістане, пастаўкі беларускай сельгаспрадукцыі.

З першым віцэ-прэм'ерам Туркменістана Рашыдам Мярэдавым кіраўнік беларускага ўрада падрабязна абмеркаваў падрыхтоўку запланаванага на кастрычнік візіту ў Беларусь Прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава. Бакі разгледзелі пытанні, звязаныя з будаўніцтвам Гарлыкскага горна-абагачальнага

камбіната.

Акрамя таго, адбыліся размовы Міхаіла Мясніковіча з Прэзідэнтам Ірана Хасанам Рухані і Прэзідэнтам Славеніі Барутам Пахарам.