Мясакамбінаты Віцебскай вобласці павялічылі экспарт за студзень на 38% да $7,5 млн.
1.3.20120 праглядаў
1 сакавіка, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы Віцебскага канцэрна "Мяса-малочныя прадукты" павялічылі экспартныя пастаўкі за студзень на 38% да $7,5 млн., паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў канцэрне.
Найбольшых вынікаў за першы месяц года дабіўся Віцебскі мясакамбінат, экспарт якога вырас на 70,9% да $4,2 млн. Экспарт Глыбоцкага мясакамбіната склаў 107,1% да студзеня 2011 года ($2 млн.), Мёрскага мясакамбіната - 138,3% ($0,8 млн.). Аршанскі мясакансервавы камбінат ажыццявіў пастаўкі на $0,5 млн. Асноўным рынкам збыту прадпрыемстваў рэгіёна з'яўляецца Расія. Таксама прадукцыя адгружалася ў Казахстан і Грузію.
За студзень мясаперапрацоўчыя прадпрыемствы канцэрна выпусцілі прадукцыі на Br152,8 млрд., што ў 2,6 раза больш у параўнанні з аналагічным узроўнем мінулага года. Рэнтабельнасць продажаў склала 5,8%. Прыбытак ад рэалізацыі - Br11,6 млрд. Паказчык па энергазберажэнні - мінус 10,4% пры заданні мінус 8%.
Інвестыцыі ў асноўны капітал прадпрыемстваў мясной галіны рэгіёна ў 2012 годзе складуць звыш Br30 млрд. Так, Віцебскі мясакамбінат у гэтым годзе прыступіў да рэканструкцыі аддзялення сыравэнджаных каўбас: у цяперашні час рыхтуюцца конкурсныя дакументы на правядзенне падрадных таргоў на закупку неабходнага абсталявання. Будаўніцтва новага аб'екта - халадзільнага цэха - пачалося на Мёрскім мясакамбінаце. Яго адначасовая магутнасць захоўвання мясной сыравіны складзе да 500 т. Запуск дадзенага аб'екта дазволіць прадпрыемству значна палепшыць якасць вырабаў і знізіць затраты на энергетычныя рэсурсы.
Глыбоцкі мясакамбінат у 2012 годзе плануе завяршыць рэканструкцыю забойным цэха. Тэхналагічнае абсталяванне атрымана і часткова мантуецца. Увод у эксплуатацыю лініі па забоі свіней намечаны на красавік, буйной рагатай жывёлы - на другое паўгоддзе.
Рэалізацыя буйнога інвестпраекта па пашырэнні магутнасцей па выпуску дзіцячых кансерваў у два разы да 10 млн. умоўных слоікаў у год працягнецца на Аршанскім мясакансервавым камбінаце. Для гэтага будзе праведзена рэканструкцыя дзеючага цэха і ўжо пачата ўзвядзенне дадатковага. Рэалізаваць праект, які стартаваў у 2011 годзе, плануецца да канца гэтага года. Яго кошт складае каля Br120 млрд. "Частка сродкаў будзе выдзелена па дзяржаўнай праграме "Дзеці Беларусі" (падпраграма "Дзіцячае харчаванне")", - адзначылі спецыялісты канцэрна, падкрэсліўшы, што пры рэалізацыі інвестпраектаў прадпрыемствы вобласці імкнуцца разлічваць у асноўным на ўласныя фінансавыя рэсурсы і магчымасці.
У склад Віцебскага канцэрна "Мяса-малочныя прадукты" ўваходзяць чатыры мясакамбінаты і восем прадпрыемстваў малочнай галіны. Агульны аб'ём інвестыцый прадпрыемстваў у гэтым годзе складзе Br350 млрд.-0-
БЕЛТА