21 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч даручыў кіраўнікам міністэрстваў і ведамстваў больш актыўна развіваць гандлёва-эканамічнае і інвестыцыйнае супрацоўніцтва з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе ўрада.

На працягу апошняга тыдня прэм'ер-міністр заслухаў справаздачы міністраў і кіраўнікоў беларускіх частак сумесных камісій па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве з рэгіёнамі Расіі аб праведзенай імі рабоце. У прыватнасці, міністр прамысловасці Дзмітрый Кацярыніч праінфармаваў аб развіцці супрацоўніцтва Беларусі з Яраслаўскай вобласцю і Рэспублікай Мардовія, міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц – з Арлоўскай і Амурскай абласцямі, Анатоль Сівак – з Калінінградскай і Смаленскай абласцямі. Міністр архітэктуры і будаўніцтва Анатоль Нічкасаў далажыў аб развіцці партнёрства з Новасібірскай вобласцю і Рэспублікай Башкартастан, міністр гандлю Валянцін Чаканаў – з Ліпецкай вобласцю, міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Цалко – з Кемераўскай. Намеснік прэм'ер-міністра Міхаіл Русы паведаміў аб ходзе супрацоўніцтва Беларусі і Самарскай вобласці.

Па выніках нарад Міхаіл Мясніковіч даручыў кіраўнікам дзяржорганаў прыняць меры па нарошчванні экспарту ў расійскія рэгіёны, забяспечыць распрацоўку і зацвярджэнне падведамнымі арганізацыямі і прадпрыемствамі адпаведных планаў па рэалізацыі даведзеных заданняў.

Прэм'ер-міністр таксама ўказаў на неабходнасць выкарыстання схем падтрымкі экспарту ў рабоце з расійскімі рэгіёнамі: экспартнага лізінгу, экспартнага крэдытавання і страхавання, кампенсацыі часткі працэнтных ставак банкам-нерэзідэнтам па крэдытах, выдадзеных для набыцця беларускіх тавараў, звязанага крэдытавання на дзяржаўным узроўні праз заключэнне двухбаковых міжурадавых пагадненняў.

Пастаўлена задача больш эфектыўна праводзіць работу па адкрыцці прадстаўніцтваў беларускіх вытворцаў на тэрыторыі Расійскай Федэрацыі, акрамя прамых продажаў беларускай прадукцыі пераходзіць да арганізацыі сумесных прадпрыемстваў і вытворчасцей.

Даручана таксама больш актыўна арганізоўваць рэгіянальныя кірмашы, больш гандляваць гатовай прамысловай, будаўнічай і харчовай прадукцыяй.

Міністры, замацаваныя за расійскімі рэгіёнамі, павінны надаць асаблівую ўвагу прасоўванню інфраструктурных і інвестыцыйных праектаў.-0-