22 лістапада, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа адзначае сёння 85-гадовы юбілей. Святочны адрас у гонар гэтай знамянальнай даты, падпісаны прэм'ер-міністрам Беларусі Міхаілам Мясніковічам, на ўрачыстым вечары ў Віцебску зачытаў першы намеснік міністра культуры Уладзімір Карачэўскі, перадае карэспандэнт БЕЛТА. "Гісторыя станаўлення і творчых дасягненняў вашага вядомага тэатральнага калектыву заслугоўвае вялікай павагі і шчырых слоў падзякі. Лепшыя старонкі дзейнасці тэатра заўсёды былі звязаны з нацыянальнай драматургіяй, сцвярджэннем высокіх маральных і эстэтычных ідэалаў у мастацтве. Менавіта на яго тэатральных падмостках упершыню ўбачылі святло рампы вядомыя п'есы беларускіх пісьменнікаў і драматургаў - Якуба Коласа, Кузьмы Чорнага, Кандрата Крапівы", - адзначаецца ў пасланні. Разам з жанравай разнастайнасцю рэпертуару сваім акцёрскім майстэрствам вылучаецца і трупа тэатра, артысты якой стварылі цэлую галерэю яркіх запамінальных вобразаў. У розны час тут працавала цэлая пляяда знакамітых акцёраў - У.Вольскі, П.Молчанаў, С.Станюта і іншыя. За час свайго існавання тэатр стаў неад'емнай часткай прасторы сапраўднай беларускай культуры, падкрэсліў у віншаванні Міхаіл Мясніковіч. Прэм'ер-міністр пажадаў далейшых творчых дасягненняў і поспехаў коласаўскаму тэатру. У ходзе святочнага мерапрыемства служачым і работнікам тэатра былі ўручаны ганаровыя граматы і падзякі Міністэрства культуры, Віцебскага аблвыканкама і гарвыканкама. Граматай Нацыянальнага сходу Беларусі адзначаны адзін з вядучых акцёраў коласаўскай трупы Пётр Ламан. Пастаноўкі тэатра імя Якуба Коласа карыстаюцца нязменным поспехам у жыхароў Віцебска, а таксама гасцей горада. Пры гэтым віцебскі тэатр добра вядомы і за мяжой. Так, творчая група спектакля "Шагал... Шагал..." не раз выязджала на міжнародныя тэатральныя фестывалі ў Англію, Шатландыю, Італію, Польшчу, Малдову. Заслужаным поспехам карыстаецца тэатр на гастролях у Расіі і Украіне. За час свайго існавання тэатр стаў аўтарытэтнай лабараторыяй нацыянальнай драматургіі. З калектывам плённа супрацоўнічалі К.Крапіва, А.Якімовіч і інш. Яркі след у творчай біяграфіі тэатра пакінула супрацоўніцтва з У.Караткевічам і А.Дударавым.-0-

БЕЛТА