24 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч падвергнуў крытыцы міністэрствы і ведамствы за неефектыўную працу і запатрабаваў забяспечыць выкананне мэтавых паказчыкаў, даведзеных на 2013 год. Адпаведнае патрабаванне ён агучыў 23 красавіка на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе разглядаліся вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў першым квартале гэтага года, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Дасягнутыя ў студзені-сакавіку вынікі працы эканомікі, па словах прэм'ер-міністра, можна назваць нядрэннымі толькі ў кантэксце агульнасусветных тэндэнцый запаволення глабальнай эканомікі. "Але калі глядзець з пункту гледжання выканання мэтавых паказчыкаў, якія вызначаны кіраўніком дзяржавы на 2013 год, я мяркую, што атрыманыя вынікі нікога не задавольваюць, - заявіў Міхаіл Мясніковіч. - Запэўненні кіраўнікоў міністэрстваў, ведамстваў, аблвыканкамаў аб тым, што ўсё будзе зроблена і ўсё будзе мабілізавана, аказаліся нежыццяздольнымі".
Кіраўнік урада ўказаў на недахопы ў метадах працы міністраў, калегій міністэрстваў. "Усё зводзіцца да нейкіх дробных пытанняў, тых, якія, безумоўна, патрабуюць рашэння, але яны могуць вырашацца нават на ўзроўні прадпрыемстваў, - адзначыў ён. - Стратэгічнага падыходу, на жаль, у першым квартале не прадэманстравана, на што 1 сакавіка справядліва звяртаў увагу і крытыкаваў урад кіраўнік дзяржавы".
Шэраг аблвыканкамаў, міністэрстваў, канцэрнаў не выконваюць планавыя паказчыкі на 2013 год. "Асабліва гэта тычыцца экспарту, складскіх запасаў і дэбіторскай запазычанасці", - працягнуў Міхаіл Мясніковіч.
Ён нагадаў, што па кожным рэгіёне Расіі, па кожнай замежнай краіне створаны адпаведныя міжурадавыя гандлёва-эканамічныя камісіі. Але іх праца недастаткова эфектыўная. "Таму я прыняў рашэнне, што ў маі кожнага сустаршыні з беларускага боку буду заслухоўваць аб праведзенай працы, - працягнуў прэм'ер. - Нам трэба дыверсіфікаваць рынкі збыту, але ніхто не заменіць аб'ёмаў нашага гандлю з Расійскай Федэрацыяй".
Міхаіл Мясніковіч таксама звярнуў увагу на рост знешняй дэбіторскай запазычанасці. Слаба працуюць над вырашэннем гэтай праблемы Мінпрам, Мінэнерга, канцэрн "Белнафтахім". "Да 15 мая трэба разгледзець кожнае міністэрства і вінаватых у неабгрунтаваным росце запазычанасці прыцягнуць да адказнасці, - запатрабаваў кіраўнік урада. - Сёння дастаткова фінансавых інструментаў, каб кіраваць дэбіторскай запазычанасцю, таму аб'ектыўныя прычыны фактычна адсутнічаюць".
Не выконваюцца паказчыкі па валавым рэгіянальным прадукце (ВРП). У Віцебскай і Магілёўскай абласцях па ВРП нават не выйшлі на ўзровень мінулага года. Толькі па дзвюх гэтых абласцях эканоміка краіны недаатрымала Br2 трлн. дабаўленай вартасці, канстатаваў прэм'ер-міністр.
На яго думку, невыкананне прагнозных паказчыкаў, перш за ўсё, вынік слабай працы кіраўнікоў з кадрамі на ўсіх узроўнях кіравання. "У той жа час усе неабходныя ўмовы для выканання планавых паказчыкаў у першым квартале года былі", - заявіў Міхаіл Мясніковіч.
Ён таксама закрануў пытанні мадэрнізацыі, неабходнасці зніжэння інфляцыі, эфектыўнага выкарыстання дзяржуласнасці.
У цэлым характарызуючы сітуацыю ў эканоміцы, Міхаіл Мясніковіч заклікаў кіраўнікоў дзяржда органаў мабілізаваць намаганні для выканання пастаўленых на 2013 год задач. "Калі зараз не выправіць становішча спраў, няма чаго чакаць і канца года, калі будзе дадзена ацэнка ўраду і аблвыканкамам кіраўніком дзяржавы, - адзначыў ён. - Таму калі ў якога-небудзь міністра ці намесніка старшыні аблвыканкама, які курыруе адпаведны ўчастак, не атрымліваецца, будзьце мужыкамі - заява на стол і шукайце іншую працу".
На пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў выступіў міністр эканомікі Мікалай Снапкоў. Ён далажыў аб выкананні асноўных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі ў першым квартале, закрануў пытанні мадэрнізацыі. Міністр назваў канкурэнцыю айчыннай прадукцыі галоўным фактарам у развіцці беларускіх вытворчасцей. Ён таксама прапанаваў стварыць пад эгідай Мінэканомікі рабочую групу для аналізу і выпрацоўкі рашэнняў па актуальных пытаннях эканамічнага развіцця.-0-