5 студзеня, Віцебск /Дзіяна Курыла - БЕЛТА/. Рэспубліканскае даччынае унітарнае прадпрыемства па забеспячэнні нафтапрадуктамі "Беларуснафта - Віцебскаблнефцепрадукт" плануе напярэдадні пасяўной пачаць доследную эксплуатацыю першай у Беларусі перасоўнай аўтазаправачнай станцыі, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар прадпрыемства Сяргей Старавойтаў.
Базай для мабільнай АЗС стане Бешанковіцкі раён. Усе неабходныя дазвольныя дакументы ад міністэрстваў і ведамстваў рэспублікі і іх падраздзяленняў у Віцебскай вобласці атрыманы. Выпрабаванні асноўных агрэгатаў аўтазапраўкі таксама праведзены. У цяперашні час вядзецца падрыхтоўка пляцоўкі пад АЗС недалёка ад вёскі Востраўна. Доследная эксплуатацыя дазволіць на практыцы апрабаваць працу мабільнай аўтазапраўкі, у выпадку неабходнасці дапрацаваць нейкія агрэгаты, а таксама пакажа, наколькі мэтазгодна далейшае пашырэнне парку перасоўных АЗС, растлумачыў суразмоўца.
Перасоўная АЗС праектавана і створана РУП "Беларуснафта-Віцебскаблнефцепрадукт" па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў адпаведнасці з дзяржаўнай праграмай развіцця АЗС. Яна складаецца з трох ёмістасцяў па 5 куб.м паліва кожная, шасі МАЗ-МАН. Абслугоўваць яе будзе аператар-кіроўца. Перасоўная АЗС працуе без знешняй крыніцы электраэнергіі, яна аўтаматызавана, аснашчана камп'ютарам і мае магчымасць сувязі з базай, а таксама трывожную кнопку выкліку міліцыі.
Запраўка прапануе кіроўцам тры віды нафтапрадуктаў па безнаяўным і наяўным разліку, пры гэтым кошт не будзе адрознівацца ад цэн стацыянарных АЗС. Такім чынам, выдаткі па дастаўцы нафтапрадуктаў кампанія бярэ на сябе.
На думку Сяргея Старавойтава, перасоўная АЗС будзе зручная для спажыўцоў, якія знаходзяцца на адлегласці больш за 30 км ад стацыянарных АЗС. Як правіла, гэта сельскія жыхары, сельгаспрадпрыемствы. Такім чынам пакупнікі змогуць скараціць колькасць паездак за палівам і зэканоміць на гэтым.
РУП "Беларуснафта-Віцебскаблнефцепрадукт" уваходзіць у склад дзяржаўнага вытворчага аб'яднання "Беларуснафта". Утворана ў 2004 годзе. У яго складзе тры філіялы і два вытворчыя ўчасткі. Дзейнасць па аптовым і рознічным гандлі маторным палівам, рознічным гандлі ажыццяўляе праз сетку аўтазаправачных станцый, магазінаў, аптовых складоў на тэрыторыі Віцебскай вобласці. У рэгіёне працуе больш за 60 АЗС прадпрыемства.-0-
БЕЛТА
Мабільная АЗС запрацуе ў Бешанковіцкім раёне
5.1.20120 праглядаў