24 мая, Полацк /Дыяна Курыло - БЕЛТА/. Каля 30 валанцёраў будуць працаваць з турыстамі ў дні святкавання 1150-годдзя Полацка, паведаміла карэспандэнту БЕЛТА начальнік аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму Полацкага гарвыканкама Галіна Кобяк. Тры пункты мабільных экскурсійных бюро размесцяцца каля вакзала, гасцініцы і самага наведвальнага аб'екта - Сафійскага сабора. Яны пазнаёмяць турыстаў з новымі маршрутамі, распрацаванымі спецыяльна да юбілею, правядуць пешыя экскурсіі па горадзе. У лік валанцёраў-экскурсаводаў увайшлі спецыялісты аддзела фізічнай культуры, спорту і турызму і лепшыя студэнты Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, якія навучаюцца на факультэце фізічнай культуры і турызму, і студэнты-філолагі, якія вывучаюць замежныя мовы. Перш чым стаць валанцёрамі-экскурсаводамі, хлопцы прайшлі адборачны конкурс. Кожны ахвотны можа выбраць экскурсію па душы: прайсціся па вуліцах старажытнага горада і даведацца гісторыю іх назваў, пабываць у месцах, звязаных з вытокамі беларускай дзяржаўнасці, пазнаёміцца з юбілейным Полацкам. Сваю працу мабільныя экскурсійныя бюро пачнуць ужо 25 мая - у дзень адкрыцця урачыстасцей.-0-

БЕЛТА