Мабільныя групы супрацоўнікаў міліцыі дапамогуць выратавацца ў мароз жыхарам Віцебскай вобласці
21.12.20120 праглядаў
21 снежня, Віцебск /Вольга Багачова - БЕЛТА/. Мабільныя групы супрацоўнікаў міліцыі дапамогуць выратавацца ў мароз жыхарам Віцебскай вобласці, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік начальніка ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС Віцебскага аблвыканкама Андрэй Іваноў.
На перыяд моцных маразоў рашэннем УУС Віцебскага аблвыканкама пры кожным гарадскім і раённым аддзеле ўнутраных спраў рэгіёна з ліку супрацоўнікаў міліцыі ўтвораны мабільныя групы па выяўленні на вуліцах населеных пунктаў грамадзян, якія апынуліся з-за розных прычын (стан здароўя, алкагольнае ап'янэнне) у бездапаможным стане. У залежнасці ад сітуацыі пры выяўленні такіх людзей прадстаўнікі праваахоўных органаў будуць дастаўляць іх ва ўстановы аховы здароўя ці медвыцвярэзнікі.
Не застануцца без увагі і асобы без пэўнага месца жыхарства. Ужо другі дзень у абласным цэнтры праходзіць акцыя "Нам важны кожны", у рамках якой супрацоўнікі міліцыі выяўляюць месцы збору бяздомных і дастаўляюць іх у гарадскі цэнтр часовага пражывання. Гэтая праца будзе праводзіцца на працягу ўсяго перыяду паніжаных тэмператур. Пры гэтым з 24 снежня супрацоўнікі УУС пераходзяць на ўзмоцнены варыянт нясення службы да заканчэння навагодніх і калядных святаў.
На аналагічны рэжым работы з 22 снежня па 13 студзеня пераходзяць і супрацоўнікі Віцебскага абласнога ўпраўлення МНС. "Аднак у стане павышанай гатоўнасці да рознага роду сітуацый з улікам умоў надвор'я мы працуем ужо зараз", - падкрэсліла прэс-сакратар ведамства Марына Фандо.
У прыватнасці, на выпадак надзвычайных здарэнняў падрыхтавана рэзервовая тэхніка, праінструктаваны асабовы склад, а напярэдадні ноччу адбыўся трэніровачны начны збор супрацоўнікаў па трывозе. Акрамя таго, вядзецца праверка жылога фонду. Арганізаваны выступленні з папярэджаннямі ў сродках масавай інфармацыі, бо з-за парушэння правіл пажарнай бяспекі, пакідання без нагляду печаў, абагравальнікаў і іншых крыніц ацяплення ў рэгіёне часцей сустракаюцца выпадкі пажараў у сараях, лазнях, гаражах.
Пад кантролем знаходзіцца сітуацыя на прадпрыемствах сістэмы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, паведаміў намеснік начальніка ўпраўлення жыллёва-камунальнай гаспадаркі Віцебскага аблвыканкама Алег Савіцкі. Паводле яго слоў, у кожным раёне дзяжураць аварыйныя брыгады, прызначаны адказныя, адсочваюцца даныя па ачыстцы дахаў ад снегу і галалёду. Для экстраннай падачы цяпла на выпадак аварыі ў вобласці напагатове знаходзяцца модульныя кацельныя. Работа вядзецца ў цесным супрацоўніцтве з РУП "Віцебскэнерга". "Пакуль усё ідзе ў штатным рэжыме", - адзначыў суразмоўнік.
Комплекс мерапрыемстваў для забеспячэння бяспечных умоў жыццядзейнасці адзінокіх, састарэлых грамадзян і асоб, якія знаходзяцца ў інтэрнатных установах, рэалізуецца ў арганізацыях сістэмы сацабароны. У дамах-інтэрнатах вобласці забяспечана бесперабойнае функцыянаванне сістэм ацяплення, водазабеспячэння, энерга- і газазабеспячэння. У мэтах бяспекі ўзмоцнены кантроль за станам гарышчавых і падвальных памяшканняў, тэмпературным рэжымам у жылых памяшканнях, створаны брыгады для ліквідацыі магчымых аварыйных сітуацый, арганізавана іх кругласутачнае дзяжурства і ўзаемадзеянне з аварыйнымі службамі населеных пунктаў. Павышаная ўвага надаецца выкананню работнікамі працоўнай дысцыпліны і правілаў пажарнай бяспекі, з імі праведзены дадатковыя інструктажы.
Пад кантролем сацыяльных работнікаў знаходзяцца адзінокія і самотныя пажылыя грамадзяне. Павялічана колькасць наведванняў пажылых жыхароў рэгіёну на даму, у тым ліку ў выхадныя дні, для падтрымання ў іх запасу прадуктаў харчавання і гарачай ежы, тэмпературнага рэжыму ў жылых памяшканнях, а таксама для забеспячэння кантролю за станам печаў і недапушчэння іх перагрэву.-0-
БЕЛТА