21 студзеня, Віцебск /Алена Ціханава - БЕЛТА/. Два мабільныя пункты абагрэву і харчавання пачынаюць сёння дзейнічаць у Віцебску, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа (БТЧК).

Перасоўны пункт абагрэву - палатка з абагравальнікам, дзе людзям, якія пакутуюць ад марозу, будуць прапаноўваць гарачы чай і печыва. Акрамя гэтага, у мабільных пунктах Чырвонага Крыжа можна будзе атрымаць прадуктовыя і гігіенічныя наборы, а таксама цёплае адзенне і абутак.

У кожным мабільным пункце будзе працаваць брыгада валанцёраў з членаў атрада хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК. "Хлопцы маюць навыкі аказання першай медыцынскай дапамогі, але пры неабходнасці будзем прыцягваць да дзяжурстваў і ўрачоў. У мінулыя марозныя зімы нам яшчэ дапамагалі супрацоўнікі міліцыі. У гэтым сезоне будзем дзейнічаць зыходзячы з абставін і патрэб людзей", - падкрэсліў каардынатар моладзевых праграм Віцебскай абласной арганізацыі БТЧК Дзмітрый Рачкоўскі.

Ён адзначыў, што за адзін дзень мабільны пункт у сярэднім абслугоўвае ад 20 да 50 чалавек. Але ў моцныя маразы пагрэцца і выпіць гарачага чаю да валанцёраў заходзілі і па 70 чалавек у дзень.

Плануецца, што дзейнічаць мабільныя пункты абагрэву ў Віцебску будуць на працягу двух тыдняў. "Будзем аказваць дапамогу да таго часу, пакуль захоўваюцца нізкія тэмпературы", - запэўніваюць у абласной арганізацыі БТЧК.

У Оршы, Полацку і Наваполацку будуць дзейнічаць стацыянарныя пункты абагрэву і гарачага харчавання.